гаспада́рлівасць, ‑і, ж.
Здольнасць умела і эканомна кіраваць гаспадаркай (у 3, 4 знач.). Можна было.. здзіўляцца швагравым дастаткам і хваліць яго гаспадарлівасць. Брыль.
гаспада́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Эканомны, ашчадны, руплівы ў вядзенні гаспадаркі (пра чалавека). Кабета яна [Кацярына] гаспадарлівая — не можа дапусціць, каб «прадукцыя» псавалася. Скрыпка. [Лукашу], рупліваму і гаспадарліваму, хацелася хутчэй пачынаць уборку. Кавалёў. // Уласцівы такому чалавеку; дзелавы, клапатлівы. Гаспадарлівыя рукі. □ Максімка ішоў і гаспадарлівым вокам аглядаў сенажаць. Гурскі.
гаспада́рнік, ‑а, м.
Той, хто кіруе гаспадарчай дзейнасцю ў якой‑н. галіне прамысловасць, сельскай гаспадаркі. Ціхан Піменавіч Бумажкоў стаў выдатным гаспадарнікам, вядомым кіраўніком прамысловых прадпрыемстваў. Чорны. // Той, хто загадвае гаспадаркай якой‑н. установы, прадпрыемства і інш. У лагеры засталіся адны гаспадарскі і хворыя ды яшчэ некалькі чалавек аховы. Шахавец.
гаспада́рніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гаспадарніка, належыць яму. Гаспадарніцкая дзейнасць. □ Таварыш Міленькі згроб сваёй вопытнай рукою ўсю раскошу ў гаспадарніцкі вынослівы партфель. Брыль.
гаспада́рнічанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. гаспадарнічаць.
гаспада́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Тое, што і гаспадарыць.
гаспада́рны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і гаспадарлівы. Усё гэта [здзекі, пакуту] адчулі на сваім гарбе сяляне, а Мікола, гаспадарны селянін, самы рупны, але і бедны, — першы за ўсіх. Нікановіч.
гаспадаро́ў, ‑ова.
Які належыць гаспадару. Гаспадарова маёмасць. Гаспадарова сям’я.
гаспада́рскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да гаспадара, належыць гаспадару; гаспадароў. Гаспадарская дачка. Гаспадарскі пакой.
2. Звязаны з дзейнасцю гаспадара (у 2 знач.). Настала лета, уцягнуўся Сцёпка ў гаспадарскую работу, нават думкам сваім не было калі аддацца. Колас. // Уласцівы гаспадару (у 2 знач.); клапатлівы, руплівы. Міхась агледзеў гаспадарскім вокам градку, потым хутка пералічыў каласкі. Якімовіч.
3. Уласцівы гаспадару (у 4 знач.); уладны, упэўнены. Гаспадарскі тон. □ Нашы таварышы з гаспадарскім выглядам і важнай мінай пачалі падкідваць галлё. Маўр.
гаспадарчаразліко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гаспадарчага разліку.