разду́млівасць, ‑і, ж.
Стан і ўласцівасць раздумлівага.
разду́млівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які часта аддаецца роздуму; разважлівы. Дзед станавіўся такі раздумлівы і паважны, што і хадзіў, і дзейнічаў з такой годнасцю... Мележ.
2. Які робіцца з роздумам, спакойна, павольна. Раздумлівая гаворка. // Які наводзіць па роздум, пранікнуты ім. Раздумлівая песня.
разду́ра, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Распуснік, распусніца. А ў іх быў любімы сыночак-унук — Раздура, распуста, капрыза Янук. Яго абувалі, яго разувалі, Яго апраналі, Яго распраналі, Лішняга кроку Ступіць не давалі... Муравейка.
разду́ранасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць раздуранага.
разду́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад раздурыць.
2. у знач. прым. Распешчаны; капрызны, свавольны. Даволі вострыя сутычкі Паўлінкі з бацькам выглядаюць толькі як свавольства адзінай і таму крыху раздуранай дачкі. Лужанін.
3. у знач. прым. Разбэшчаны, распусны. [Загорскі] пагарджаў суседзямі. Раздураныя бабы! Халуі! Пагарджаў іхнім цярпеннем, рабалепствам і поўзаннем перад моцнымі. Караткевіч.
разду́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да раздурыць.
раздуры́цца, ‑дуруся, ‑дурышся, ‑дурыцца; зак.
Разм.
1. Стаць вельмі дураслівым, свавольным, непаслухмяным; распусціцца. Разы два іх бачылі каля кінатэатра. І тады Мікалай Пятровіч сказаў загадчыку гаспадаркі: — Вазьміце іх пад свой нагляд, а то раздурацца малыя... Нядзведскі.
2. Пачаць амаральна паводзіць сябе, даць поўную волю сабе; разбэсціцца.
раздуры́ць, ‑дуру, ‑дурыш, ‑дурыць; зак., каго.
1. Паслабіўшы нагляд, патрабавальнасць, зрабіць каго‑н. дураслівым, свавольным, непаслухмяным. — Толькі на мяне гаворыш, а сама во раздурыла, — скаваў Сцяпан Данілавіч на жонку, якую сын Борык абшчапіў за шыю. Ермаловіч.
2. Даць поўную волю каму‑н., дазволіць поўнасцю праяўляць свае жаданні, пачуцці і пад. — Я толькі баюся, каб мы яе [агранома] адразу занадта не раздурылі. Цяпер машыну, а тады яшчэ што. Ермаловіч. Наста сціснула ў ахапак у яслях сена, перанесла яго карове за драбіну. Будзе есці і пасля каня.. Раздурылі, струшанка ўжо ёй не лезе... Пташнікаў.
раздурэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які раздурэў, развесяліўся. [Рыпіна Ціткова] паглядзела на раздурэлых маладзіц і сказала, але быццам усцешаная чым: — І праўда, панапіваліся бабы!.. Чыгрынаў.
2. Які распусціўся, разленаваўся.
раздурэ́цца, ‑эюся, ‑эешся, ‑эецца; зак.
Разм. Пачаць моцна дурэць. [Шура:] — Ой, раздурэўся нешта дзядзька! Нябось скажу цётцы. Крапіва. Галоўкі ледзь не на паўметра ўзвышаліся над мяккімі крэсламі, і можна было падумаць, што гэта і ёсць дзеці: раздурэліся і паўзлазілі з нагамі на сядзенне. Лужанін.