Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тачэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. тачыць ​1.

таямні́ца, ‑ы, ж.

1. Тое, што яшчэ не пазнана, не стала вядомым. Строга вартуючы нетраў сваіх таямніцы, Цягнецца пушча да самай заходняй граніцы. Куляшоў. Цягне пайсці, .. выведаць, угледзець, што ўстае за той дымкай, якая завалакла небасхіл, схавала-спавіла лясы і далёкія-далёкія белыя будынкі трактарных станцый ля шашы .. Дымка — таямніца, невядомы свет з маленства. Пташнікаў. Пісьменнік як бы яшчэ і яшчэ раз разглядае кожнае слова, яго паходжанне, яго будову, імкнецца зазірнуць у таямніцы майстэрства народа, які стварыў гэтае слова. Юрэвіч. // Скрытая ўнутраная сутнасць з’явы, прадмета. Трэба многа ўсім вучыцца, Трэба многа ведаў мець, — Можна свету таямніцы Толькі з імі зразумець. Кірэенка. [Кастусь:] Пражыла [маці] доўгае жыццё, бачыла столькі і гора, і несправядлівасці, дажыла да новага веку, а ўсё засталася, як сляпая. І гэта ў час, калі .. у неба запушчаны спадарожнікі Зямлі, раскрыта тайнае тайных — таямніца атама. Краўчанка. // Пра тое, што прыцягвае сваёй загадкавасцю, сваёй таямнічай прыгажосцю. Мы хацелі, наадварот, жыць, бачыць яшчэ нябачанае, тое для чаго прыехалі сюды: Італію, якая толькі-толькі пачынала адкрываць нам свае таямніцы. Мележ. І хоць Парфенчык ведаў многія таямніцы ляснога велікана, аднак заўсёды быў сабраны, насцярожаны. Шчарбатаў. Распранутая,.. [Джулія] .. адзін на адзін з прыродаю зрабілася зусім інакшаю ў сваёй палахлівай дзявочай сціпласці, поўнай таямніцы і хараства. Быкаў.

2. Тое, што наўмысна хаваецца ад іншых, трымаецца ў сакрэце. І хоць Болесь павінен быў захоўваць таямніцу дзейнасці сваёй групы, ён па старой памяці часта заходзіў да нас у брыгаду і апавядаў пра ўсё цікавае, што ў іх рабілася. Карпюк. [Толя і Міхась] пакляліся адзін аднаму чэсным піянерскім словам хаваць сваю таямніцу да таго часу, пакуль не знойдуць партызан. Якімовіч. Майка зірнула на гэты дуб. Вось ён стаіць нерухомы, маўклівы, верны друг і таварыш яе маленства, каму давярала яна безліч сваіх дзіцячых таямніц. Лынькоў.

таямні́часць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць таямнічага (у 1–3 знач.).

2. Нешта невядомае, незразумелае; загадкавасць. Гаварылася .. [слова «сацыяліст»] ціха, шэптам, а самы ж сэнс яго агортваўся нейкаю таямнічасцю, не выклікаючы рэальнага значэння. Колас.

таямні́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны таямніцы (у 1 знач.), загадкава-незразумелы. Наўкола ляжалі абшары лесу, заўсёды такія ваб[н]ыя і таямнічыя. Шчарбатаў. Я думаў і думаю часта пра яшчэ адну таямнічую недарэчнасць жыцця: ну, дзе ён ходзіць і што ён марудзіць — той, каму так радасна было б назаўсёды, на ўсё жыццё падзяліцца шчасцем з гэтай харошай, яшчэ ўсё самотнай дзяўчынай?.. Брыль. // Незразумелы, загадкавы (пра чалавека). Вясковы каваль Сымон Кушнер здаваўся Васілю нейкім таямнічым чалавекам, траха што не чарадзеем. Кулакоўскі.

2. Які стаіць па-за мяжой пазнання чалавекам; недасягальны, незвычайны. У нас сустракаюцца яшчэ людзі, якія вераць у «таямнічыя сілы». «Маладосць». // Які мае цудадзейную сілу. Калісьці цёмны чалавек верыў у таямнічую сілу слова-праклёну, слова-малітвы. Юрэвіч.

3. Які сведчыць пра наяўнасць таямніцы; які заключае ў сабе таямніцу (у 2 знач.). — А потым [Сцёпка] скаваў паміж рэчкаю і Гнілым балотам! — бабка Агапа гаварыла гэта таямнічым голасам. Колас. Чуліся нейкія таямнічыя, прыглушаныя гукі летняга вечара. Новікаў. Пры сустрэчы з калегам .. [Запольскі] надаваў свайму твару таямнічы выгляд і ціхенька апраўдваўся. Пальчэўскі. Таямнічая ўсмешка з хітрынкай застыла на твары [Малашкіна]. Пестрак.

4. Тайны, сакрэтны, што хаваецца ад іншых. Для [хлопцаў] гэта была таямнічая гульня, пра якую ніхто не павінен ведаць. Якімовіч.

та-та́, выкл. (часта ўжываецца з неаднаразовым паўтарэннем склада «та»).

Гукаперайманне для абазначэння мерных адрывістых гукаў, удараў. Салдаты рэвалюцыі стралялі залпамі. Та-та-та-та-та — загаварылі кулямёты. Гурскі.