Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гарэ́лачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гарэлкі ​2. Гарэлачны пах.

гарэ́ліца, ‑ы, ж.

Нар.-паэт. Гарэлка ​2. Піце гарэліцу, госцейкі, піце, Слаўную Ганначку нашу любіце. Першай з брыгадай яна ўставала, Першай на поле ішла, працавала. Танк.

гарэ́лішча, ‑а, н.

Тое, што і пажарышча. // Выгаралае месца ў лесе. Аматары.. ідуць са сваімі кошыкамі збіраць смаржкі. Гэта першыя грыбы нашых лясоў, якія растуць на пагорках, гарэлішчах. «Беларусь».

гарэ́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Прыстасаванне для спальвання гаручай вадкасці або газу з пэўнай мэтай. Газавая гарэлка.

гарэ́лка 2, ‑і. ДМ ‑лцы, ж.

Моцны алкагольны напітак; сумесь віннага спірту з вадой. Пракоп даўно ўжо не піў гарэлкі, і хмель.. стукнуў яму ў галаву. Колас.

•••

Царская гарэлка — сумесь азотнай і салянай кіслот, якая растварае золата, плаціну і некаторыя інш. металы.

гарэ́лкі, ‑лак; адз. няма.

Рухавая гульня, удзельнікі якой становяцца парамі, а той, хто «гарыць», стаіць наперадзе і па сігналу ловіць аднаго з першай пары, якая разбягаецца ў розныя бакі.

гарэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Абпалены, папсаваны агнём. Гарэлы хлеб. Гарэлае палена. □ Грушу-бэру старанна Ад гарэлай кары Абчышчае стары. Броўка. / у знач. наз. гарэ́лае, ‑ага, н. [Зорын] убачыў вялікае зарыва, адчуў пах гарэлага. Гурскі.

гарэлье́ф, ‑а, м.

Скульптурны твор, у якім фігура выступае над плоскасцю больш чым на палавіну свайго аб’ёму.

[Фр. haut-rélief.]

гарэлье́фны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гарэльефа.

гарэ́м, ‑а, м.

1. Жаночая палавіна дома ў мусульман.

2. зб. Жонкі і наложніцы мусульманіна.

[Араб. харам — забароненае.]

гарэ́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гарэма. Гарэмны пакой.