Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скрыгану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да скрыгаць.

скры́гат, ‑у, М ‑гаце, м.

Рэзкі гук, які ўзнікае пры моцным трэнні прадметаў адзін аб адзін. Рыгор пачуў злосны скрыгат зубоў. Гартны. Саламону, здавалася, што кожнае слова рэжа яму вуха, нібы скрыгат нажа па шкле. Бядуля. Па галоўнай Савецкай вуліцы горада хадзіла конка і чуваць быў жудасны скрыгат яе калёс, гучныя крыкі канагонаў. Хведаровіч.

скрыгата́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. скрыгатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

скрыгата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; незак.

1. Утвараць гукі скрыгату. Кулямётнымі чэргамі стракаталі .. малаткі кляпальшчыкаў, скрыгатала жалеза на свідравальных станках, нешта скавытала, сінела. Хадкевіч. Гэта не танкі скрыгочуць, А цягачы. Астрэйка. // чым. Рабіць скрыгат чым‑н. [Нявіднага] адлівалі вадою, зноў мучылі, а ён толькі скрыгатаў сціснутымі зубамі. Колас. Падымаўся [Антон] да відна і да самых прыцемкаў кроіў бляху, грымеў, скрыгатаў ёю. Ракітны. // перан.; чым. Выказваць нездавальненне, злосць. Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі — Любі сваю ніву, свой край. Купала.

2. Разм. Рыпець. Пакутліва засынаюць Сыраежка і Шохан. Доўга ўздыхаюць, варочаюцца — аж скрыгоча жалезная сетка. Навуменка. Казалі, што кожную ноч .. [Сашка] сушыў .. [боты] на печы, дык яны раніцай аж скрыгаталі на нагах. Гроднеў. Скрыгаталі пёры ў цішы. Мільганула думка тут: Кожны піша, крэсліць, піша... Кляўко.

скрыгатну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да скрыгатаць.

скры́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і скрыгатаць. Танкі скрыгаюць, равуць, Быццам гадзіны, паўзуць. Броўка. На ўскраіне горада па доўгім мосце скрыгаў намёрзлымі ботамі вартавы. Федасеенка. Сузон скрыгае зубамі, кладзецца тварам да зямлі і стогне. Галавач.

скрыгіта́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. скрыгітаць.

скрыгіта́ць, ‑гічу, ‑гічаш, ‑гіча; незак.

Абл. Скрыгатаць. Моцна сціснутыя зубы скрыгіталі. Крапіва. Камення на полі ўжо не было зверху, адно траплялася яно ў зямлі, аб яго скрыгітаў плуг. Чорны.

скрыгітну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да скрыгітаць.

скрыжава́льнасць, ‑і, ж.

Спец. Магчымасць атрымліваць жыццяздольнае патомства ў выніку скрыжавання (у 3 знач.).