гарэ́за, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай, ж.
Весялун, дуронік, непаседа. Гарэзай Груню жартаўліва Празвалі хлопцы за гуллівасць. Аўрамчык.
гарэ́заваць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; незак.
Весяліцца, дурэць, забаўляцца. У кустах гарэзавалі хлапчукі, лес за ракой адгукаўся на іх крыкі і смех. Шамякін.
гарэ́зіць, ‑рэжу, ‑рэзіш, ‑рэзіць; незак.
Тое, што і гарэзаваць. Будуць дзеткі загараць, і гарэзіць, і смяяцца, і скакаць, і забаўляцца. Шушкевіч.
гарэ́злівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць гарэзлівага. У гэтых вачах не было ўжо ранейшай гарэзлівасці, яны пазіралі неяк разгублена, спалохана. Навуменка. [Алімпа] трошачкі выпіла, і ва ўсім пачала праяўляцца ранейшая бесклапотная дзявочая гарэзлівасць. Сабаленка.
гарэ́злівы, ‑ая, ‑ае.
Вясёлы, жвавы, непаседлівы. Ева расла не па гадах бойкай, гарэзлівай дзяўчынкай. Асіпенка. // Гуллівы, хітраваты. Маня была не падобна да сястры: у яе шэрых вачах блукаў вясёлы, гарэзлівы агеньчык. Колас. Дзяўчына звонка засмяялася і паглядзела па Юрку сваімі гарэзлівымі вачамі. Навуменка.
гарэ́знасць, ‑і, ж.
Тое, што і гарэзлівасць. [Паходня] бачыў у .. [вачах] дакор, то вось такую, як цяпер, хітрынку, то дзявочую гарэзнасць. Хадкевіч.
гарэ́знік, ‑а, м.
Тое, што і гарэза. Цяпер у гэтым сталым, шыракаплечым чалавеку.. ніхто не пазнаў бы ранейшага віхрастага хлапчука, непаседу і гарэзніка. Шахавец.
гарэ́знічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Тое, што і гарэзаваць. Не было ўжо ў Андрэя з Марынай тых лёгкіх адносін, калі можна абодвум гарэзнічаць, жартаваць і ніколі не бянтэжыцца пры гэтым. Шахавец.
гарэ́зны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і гарэзлівы. Вясёлыя і гарэзныя птушкі ўсё часцей распачынаюць між сабою шумныя заўзятыя бойкі. В. Вольскі. Гарэзныя агеньчыкі, якія так любіла Валя, замільгалі ў блакітных вачах Гусаковіча. Паслядовіч.