Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тахі́на, ‑ы, ж.

Карыснае двухкрылае насякомае, якое знішчае садовых шкоднікаў.

та́хканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. тахкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. «Трэба заснуць і мне», — шапнуў [Алесь] у душы, без слоў, палажыўшы на грудзях далоні. Пад імі спакваля адчулася цяпло і маладое, упартае тахканне сэрца. Брыль. Пад тахканне вагонных колаў .. [Стэфа] задрамала і абудзілася, калі поезд падыходзіў да незнаёмага прыстапцыйнага будынка. Савіцкі.

та́хкаць, ‑ае; незак.

Разм.

1. Стукаць. Тахкае і прарэзліва шуміць за Грынямі на рацэ калгасная лесапілка. Пташнікаў. / Пра часткі механізмаў, што працуюць. Непадалёк .. аднастайна тахкаў рухавічок перасовачнай электрастанцыі. Броўка. / Пра аўтаматычную зброю. Тахкае кулямёт.

2. Рытмічна пульсаваць, моцна біцца, стукаць (пра сэрца). Моцна-моцна тахкае .. сэрца, нібы хочучы вырвацца, паляцець з грудзей. Лынькоў. Сэрца ў .. [Цімоха] тахкала так моцна, што, мабыць, пачуў і .. [Сымон]. Навуменка. // безас. Пра пачуццё шуму, удараў (у галаве, вушах і пад.). Тахкае і баліць у галаве. Чорны.

тахо́метр, ‑а, м.

Спец. Прыбор для вымярэння скорасці вярчэння.

[Ад грэч. tachys — хуткасць, скорасць і metreō — вымяраю.]

тахта́, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.

Шырокая канапа без спінкі. Васіль Пятровіч ляжаў на тахце ў сталовай і чытаў. Карпаў. На тахце ляжала многа розных шаўковых падушак і валікаў, каля тахты стаяў таршэр з чырвоным абажурам. Рамановіч.

тахці́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.

Абл. Гаціць, пракладваць дарогу праз балоцістае месца. Паноў — хоць грэблі тахці імі. Мурашка.

та́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да татаў, які належыць, уласцівы ім. Тацкая мова. Тацкія звычаі.

тацця́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Фасон жаночай сукенкі, у якой ліф гладка прыстае да фігуры, а спадніца шырокая ў зборкі.

тача́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Лёгкая рысорная павозка з адкрытым кузавам для запрэжкі пары коней. Туравец адчуваў .. плячо [Марыі Андрэеўны], якое ад пакалыхвання тачанкі то прыпадала лёгка да яго, то аддалялася. Мележ. // Павозка такога тыпу, забяспечаная кулямётам (у кавалерыі перыяду грамадзянскай вайны). Во спачатку йдзе пяхота, За ёй конніца і танкі, На машынах едуць роты, А там — быстрыя тачанкі. Купала.

та́чачнік, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца перавозкай якіх‑н. грузаў на тачцы. А колькі тут павінна было б працаваць тачачнікаў, каб перавезці такія горы грунту да дамбы! «Полымя».