Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ваяво́дства, ‑а, н.

1. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Старажытнай Русі, якой кіраваў ваявода, і адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў сучаснай Польшчы.

2. Гіст. Пасада ваяводы.

вая́ж, ‑у, м.

Уст. Падарожжа, паездка; вандроўніцтва.

[Фр. voyage.]

ваяжо́р, ‑а, м.

Уст.

1. Падарожнік; вандроўнік.

2. Тое, што і коміваяжор.

[Фр. voyageur.]

ваяжы́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Уст. Падарожнічаць; вандраваць.

[Ад фр. voyager.]

вая́ка, ‑і, м.

Разм. Воін, баец; салдат. Вунь чорны слуп-маяк, Там тысячы сыноў, Там тысячы ваяк Заснулі вечным сном. Пушча. На гэты ж пясок упаў Сёмка-матрос, камандзір партызанскіх атрадаў, слаўны ваяка і бальшавік... Лынькоў. // Іран., пагард. Той, хто не апраўдвае звання воіна, байца. Карп паклаў сваю жылістую руку на руку паліцэйскага, загадаў спакойна, але сурова: — Пакладзі дзіця! Ваяка! Шамякін. // перан. Іран., жарт. Задзіра, забіяка. — А ты бо вельмі ваяка, — кажа.. [бабуля Толіку]. — Ну, не плач. Брыль.

ваяўні́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць ваяўнічага. Сінякі распісалі ўвесь твар генерала, што, аднак, ніколькі не дадавала яму ні ваяўнічасці, ні генеральскай велічы. Лынькоў.

ваяўні́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Схільны да вайны. Ваяўнічыя плямёны. // Разм. Задзірысты. Ваяўнічы настрой.

2. Мужны, адважны, баявы. Ваяўнічы выгляд. Ваяўнічы вокліч.

3. Актыўны і непрымірымы ў барацьбе. Ваяўнічы атэіст.

вая́цкасць, ‑і, ж.

Разм. Ваяўнічасць, задзірыстасць. Ваяцкасць малога Сцёпкі выявілася ў тым, што ён штурхнуў санітарышыну дачку і абсыпаў пяском Вадагіянавага сына. Колас.

вая́цкі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Ваенны. Да гэтага ж часу ніхто не ведаў аб ваяцкіх здольнасцях дзеда Талаша. Колас. Адышлі гады ваяцкія, Зараслі магілы брацкія, Дні трывожныя далёка... Кірэенка.

2. Разм. Тое, што і ваяўнічы (у 1, 2 знач.). Ваяцкі запал, дух.