Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тафано́мія, ‑і, ж.

Раздзел палеанталогіі, які вывучае заканамернасці працэсаў захавання рэштак выкапнёвых жывёл і раслін.

[Ад грэч. táphos — магіла і nómos — закон.]

тафта́, ‑ы, ДМ ‑фце, ж.

Частая шаўковая або баваўняная глянцавітая тканіна.

[Перс.]

тафцяны́, ‑ая, ‑ое.

Зроблены з тафты. Тафцяная сукенка.

тах, выкл.

1. Гукаперайманне для абазначэння адрывістага гуку. Тах! — коратка бухае карабін. Карпюк.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. тахкаць. [Бацька:] — [Сабачка] дагоніць — ды за ногі быка! І сам тут жа — брык, ляжыць. А бык нагой — тах! Міма... Масарэнка.

таха́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тахараў, які належыць, уласцівы ім. Тахарскія мовы.

таха́ры, ‑аў.

Народ, які жыў у 2 ст. да н. э. і ў першым тысячагоддзі н. э. ў Сярэдняй Азіі.

тахеаметры́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да тахеаметрыі. Тахеаметрычная здымка.

тахеаме́трыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Дальнамерная тапаграфічная здымка для складання плана з рэльефам мясцовасці.

2. Раздзел геадэзіі, які займаецца вывучэннем метадаў гэтай здымкі.

тахео́метр, ‑а, м.

Спец. Геадэзічны прыбор для вымярэння адлегласцей і вызначэння рознасці вышынь пры тапаграфічных здымках.

[Ад грэч. tachýs, tachéos — хуткі, скоры і metreō — вымяраю.]

тахікарды́я, ‑і, ж.

Значнае паскарэнне работы сэрца, абумоўленае рознымі фізіялагічнымі і паталагічнымі ўплывамі.

[Ад грэч. tachýs — хуткі, скоры і kardía — сэрца.]