перадысканто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перадыскантаваць.
перадыслака́цыя, ‑і, ж.
Перамяшчэнне войск, размяшчэнне іх у другім месцы. Як ні намагаліся немцы, а ўсё ж ім прыйшлося прыняць пункт, якім забаранялася перадыслакацыя войск. Гурскі.
перадыслацы́раваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перадыслацыраваць.
перадыслацы́равацца, ‑руецца; зак.
Перамясціцца куды‑н., размясціцца ў другім месцы (пра войска). Неўзабаве.. Беларускі штаб партызанскага руху аддаў загад брыгадзе імя Ракасоўскага перадыслацыравацца ў Вілейскую вобласць. Дзенісевіч.
перадыслацы́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.
Зрабіць, правесці перадыслакацыю.
перады́х, ‑у, м.
Разм. Тое, што і перадышка. Аднак тут у гаворку ўступаецца Чарнушка. — Дай ты чалавеку перадых. Мележ. Потым Цапка нешта нібы скаланула, ён загаварыў хутка, амаль без перадыху. Сачанка. [Дождж] усё лета хвошча без перадыху. Грахоўскі.
перадыха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перадыхнуць (у 2 знач.).
перадыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Зрабіць глыбокі ўдых і выдых; перавесці дух. Юра перадыхнуў, быццам яму не хапала паветра. Якімовіч.
2. Зрабіць кароткі перапынак для адпачынку ў час хадзьбы, працы і пад. Рукі пачыналі млець і ныць ад стомленасці, цягнула хоць трошачкі перадыхнуць, на нешта абаперціся. Кулакоўскі. Адразу, не перадыхнуўшы пасля доўгага пераходу, кінуліся [танкісты] ў бой. Мележ. Усё часцей і часцей садзіліся птушкі, каб перадыхнуць — давалася ў знакі стома. Клышка.
перады́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Невялікі перапынак для адпачынку. Андрушка не даваў сабе і аднае хвіліны перадышкі. Лобан. [Пятро] пераканаў сябе, што зрабіў больш, чым сябры, а таму мае права на перадышку. Шамякін. // перан. Часовае спыненне якой‑н. дзейнасці. Тыдні два .. [вучні] старанна паўтаралі пройдзенае за зіму, пісалі дыктоўкі, практыкаваліся ў граматычным разборы, рашалі задачы. Нарэшце настаўнік даў ім перадышку. Колас.
перадэкзаменацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які бывае перад экзаменам, папярэднічае экзамену. Перадэкзаменацыйныя кансультацыі.