Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

таўшча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Абл. Станавіцца таўсцейшым, больш тоўстым. Дрэвы ўсе раслі, таўшчалі, А закіданы дубок .. Змізарнелы і адметны, Для другіх дубоў чужы, З ім быў кожны непрыветны, Як той камень на мяжы. Колас.

таўшчы́нны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які служыць для вымярэння таўшчыні чаго‑н. Таўшчынны цыркуль.

таўшчыня́, ‑і, ж.

1. Велічыня папярочнага сячэння прадмета. Таўшчыня дошкі. □ Калі б .. рассыпаць [Гімалаі] па ўсёй зямлі, то атрымаўся б суцэльны пласт таўшчынёй каля 20 метраў. Матрунёнак.

2. Паўната, сытасць. У пакоіку яго спаткала гаспадыня, нізкая жанчына. Па яе фігуры адразу [цяжка] было вызначыць, што перамагае ў ёй: таўшчыня ці вышыня. Колас.

таўшчэ́зны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Вельмі тоўсты. Едзем пад таўшчэзнымі выноснымі соснамі, як нібы пад раскошным скляпеннем якогасьці храма. Пестрак. Пад дубам, у цяньку, на квяцістай коўдры ляжаў у кароткіх штоніках пан Ракоўскі, побач сядзела яго жонка — таўшчэзная рыжая кабеціна з залепленым паперай носам, каб не загарэў. С. Александровіч.

таўшчэ́разны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і таўшчэзны. Па краях [дарогі] там-сям пападаліся старадрэвіны-хвоі, што пышна разрасталіся на прасторы, або развіслыя таўшчэразныя дубы, як заможныя старасвецкія гаспадары. Колас. У ночы такія Ідзе Дзед Мароз З таўшчэразным кіем, Што з лесу прынёс. Іверс.

таў-сагы́з, ‑у, м.

Горная травяністая каўчуканосная расліна.

[Цюрк.]

тафала́р,

гл. тафалары.

тафала́рка,

гл. тафалары.

тафала́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тафалараў, які належыць, уласцівы ім. Тафаларская культура.

тафала́ры, ‑аў; адз. тафалар, ‑а, м.; тафаларка, ‑і, ДМ ‑рцы; мн. тафаларкі, ‑рак; ж.

Народнасць, якая жыве ў Ніжнеўдзінскім раёне Іркуцкай вобласці.