Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пераду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Падумаўшы яшчэ раз, змяніць свой намер, прыняць іншае рашэнне. Кастусь падышоў да акна, хацеў пастукаць, але перадумаў. С. Александровіч. Над пераходам з’явілася чайка і паляцела ўслед. Потым перадумала, нешта выглядзела сабе ў хвалях, спрытна спікіравала. Даніленка.

2. што, аб чым і без дап. Падумаць пра ўсё, многае. Малады настаўнік шмат перажыў, перадумаў. Колас. Пальчык апынуўся на гаўптвахце. Усяго яму ўляцела дзесяць сутак. Часу было многа, каб перадумаць усё, узважыць і ў многім пакаяцца. Дамашэвіч.

пераду́мвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да перадумваць.

пераду́мваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перадумаць.

перадумо́ва, ‑ы, ж.

1. Папярэдняя ўмова. Словам, створаны самыя спрыяльныя палітычныя, ідэалагічныя, арганізацыйныя, прававыя і матэрыяльна-фінансавыя перадумовы для карэннага, якаснага паляпшэння дзейнасці мясцовых Саветаў. Машэраў.

2. Зыходны пункт якога‑н. разважання.

пераду́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перадушыць.

пераду́швацца, ‑аецца; незак.

Зал. да перадушваць.

пераду́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перадушыць.

перадушы́ць, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак., каго-што.

Падушыць усіх, многіх або ўсё, многае. Віхрам уляцяць хлопцы-малойцы ноччу ў Ліпкі, перадушаць гітлераўцаў і вызваляць нявольніка. Кавалёў. Калі б я не прачнуўся, воўк мог бы перадушыць палову статка... Ляўданскі.

перадыскантава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Спец. Зрабіць дысконт (у 1 знач.). Перадыскантаваць вэксалі.

перадысканто́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да перадыскантоўваць.