Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ваці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Вырашыць (вырашаць) што‑н. галасаваннем (у парламенце, на сходзе). Ваціраваць дзяржаўную пазыку. Ваціраваць давер’е.

[Ням. votieren.]

ваціро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ваціраваць.

вачаня́ты, ‑нят; адз. неўжыв.

Разм. Памянш.-ласк. да вочы. Сашка, прыціскаючыся бледнай шчакой да шурпатай дзедавай рукі, толькі зыркаў чорнымі вачанятамі. Капусцін.

вачні́цы, ‑ніц; адз. вачніца, ‑ы, ж.

Паглыбленні ў пярэдняй частцы чэрапа, на твары, дзе змяшчаюцца вочы. Твар выцягнуўся, і цёмна-сінія плямы трывала аселі ў вачніцах. Савіцкі. Жорсткі пясок агнявая пустыня Праз вачніцы мае ўсё сыпле і сыпле. Панчанка.

ваш, ‑ага, м.; ваша, ‑ай, ж.; ваша, ‑ага, н.; мн. вашы, ‑ых.

1. займ. прыналежны да вы. Ваш горад. Ваша акно. Вашы кнігі. □ Я люблю ваш смех дзявочы. Ды гарэзлівыя вочы, Вашы кпінкі, вашы жарты, Ды... куды цяпер я варты? Крапіва. Чужых цялят бярэш на пашу? Наскрозь я бачу службу вашу! Колас. // Зроблены, напісаны і г. д. вамі. Вашы словы. Ваша пісьмо. □ Тысячагоднія вашы [астраномаў] намеры Спраўдзяцца некалі не на паперы. Куляшоў. // Які прыходзіцца да спадобы, прыемны, знаёмы вам.

2. у знач. наз. в́аша, ‑ага, н. Разм. Тое, што належыць або ўласціва вам. Вашага мне не трэба.

3. у знач. наз. в́ашы, ‑ых, мн. Разм. Родныя, блізкія. Вашы дома? Прывітанне вашым. □ [Бацька:] — Ну, і як жа ён, што ён казаў? Вашы, браток, усе здаровы? Брыль.

•••

Ваш брат гл. брат.

Ваша справа гл. справа.

Ваша ўзяло (бярэ) гл. узяць.

Воля ваша гл. воля.

І нашым і вашым гл. наш.

вашапру́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Разм. груб. Пра неахайнага, бруднага чалавека.

ва́шгерд, ‑а, М ‑дзе, м.

Спец. Прасцейшае прыстасаванне для прамыўкі залатаноснага пяску.

[Ням. Waschherd.]

вашча́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Насычаная воскам тканіна або папера.

вашчы́на, ‑ы, ж.

Пустыя пчаліныя соты з воску. // Васковая пласцінка з выціснутым на ёй пачаткам ячэек, якая ўстаўляецца ў вулей і з’яўляецца асновай сотаў. Я з дзедам сядзеў на ўслоне за сталом і дапамагаў яму ўстаўляць вашчыны ў пчаліныя рамкі. М. Ткачоў.

вашчы́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вашчыны.