распра́нены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад распрануць.
2. у знач. прым. Тое, што і распрануты (у 2 знач.). [Марыя Васільеўна:] Чаго ты выбег распранены? — [Русаковіч:] Душна мне ад .. гаворкі [Сухадольскага]. Крапіва.
распра́нуты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад распрануць.
2. у знач. прым. Без верхняга адзення, не апрануты. Людзі .. [у карчме] былі такія ж, як мы — праезджыя ды прахожыя, старыя і маладыя. Адны сядзелі распранутыя, іншыя ў вопратцы. Якімовіч.
распрану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Зняць з сябе верхняе адзенне. Бацька распрануўся, зняў гімнасцёрку, пагаліў бараду. Мележ. Усе распрануліся, чаго не бывала раней на вячорках, і селі за стол для зусім небывалай работы. Брыль.
2. перан. Зняць, скінуць з сябе покрыва (лісце, траву). Кусты арэшніку нібы наўмысля .. распрануліся і стаялі голыя, загарэлыя за лета. Ермаловіч.
распрану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Зняць з каго‑н. верхняе адзенне. Галіна Фёдараўна зараз жа разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру, распранула млявую Верачку і паклала спаць. Паслядовіч. // Зняць з сябе (верхняе адзенне). — Калі ласка, распраніце шынель, я тут павешу, і праходзьце! — ветліва прапанавала дама. Карпюк. Віктар распрануў пінжак і павесіў яго на спінку крэсла. Даніленка.
2. перан. Зняць, скінуць покрыва (лісце, траву) з чаго‑н. Лістапад распрануў.. сад да апошняга лістка. Васілевіч.
распрапагандава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад распрапагандаваць.
распрапагандава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што.
Прапагандуючы, канчаткова пераканаць каго‑н. у чым‑н. Адзінае — распрапагандаваць салдат, ад якіх маглі ўтаіць, куды і для чаго іх накіроўваюць.. Трэба будзе паведаміць усю праўду. Так Будзённы і дзейнічаў. Гурскі.
распрасава́цца, ‑суецца; зак.
Разгладзіцца гарачым прасам. Складкі на адзенні распрасаваліся.
распрасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.
Разгладзіць гарачым прасам. Распрасаваць складкі на сукенцы.
распрасо́ўвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да распрасавацца.
2. Зал. да распрасоўваць.
распрасо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да распрасаваць.