Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

распрада́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да распрадажы, прызначаны для яе.

распрада́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад распрадаць.

распрада́цца, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; зак.

Разм. Прадаць усю сваю маёмасць, свае рэчы; прадаць і тое, што сабе неабходна. Бацька распрадаўся зусім, а ўтрымаць мяне ў гімназіі не здолеў. Карпюк. — [Лосік], кажуць, распрадаецца ўжо і едзе на Урал. Ермаловіч.

распрада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; зак., што.

Прадаць па частках, паступова ўсё дарэшты. Памешчыкі ў нас распрадалі маёнткі яшчэ да першай сусветнай вайны, павыязджалі ў горад. Карпюк. Дзяўчаты распрадалі вязанкі сушаных баравікоў, мяшочкі ягад і арэхаў, яйкі, сыры, масла і накуплялі сабе ўбораў. Пестрак.

распракля́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і пракляты (з узмоцненым адценнем). [Навабранец:] — На вайну гэтую распраклятую ідзём. Лобан.

распраме́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

1. Асвятліць чым‑н. Сонца распраменіла наваколле. // звычайна ў форме дзеепрым.; перан. Ажывіць, асвятліць якім‑н. пачуццём, настроем і пад. Вера з Максімам сядзелі ўжо на канапе. Максім трымаў яе за руку, глядзеў у распрамененыя радасцю вочы і ўсё расказваў, расказваў. Машара.

2. Зак. да распраменьваць (у 1 знач.).

распраме́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Выпраменьваць якое‑н. святло, праменную энергію. / у перан. ужыв. Гэты маленькі камінок [беларуская школа] распраменьваў у навакольнай цемры святло культуры, саграваў людзей. Машара. [Іван] зірнуў на маці — яна была ціхая, засяроджаная ў сабе, і нейкую лагоднасць і радасць распраменьваў яе спакойны твар. Кудравец.

2. Незак. да распраменіць (у 1 знач.).

распрана́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. распранацца — распрануцца і распранаць — распрануць.

распрана́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да распрануцца.

2. Зал. да распранаць.

распрана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да распрануць.