Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шасцярня́, ‑і; мн. шасцерні, ‑яў; ж.

1. Спец. Зубчастае кола, якое перадае рух. Забіраліся хлопцы часам і на іншыя фабрыкі, здымалі калёсікі і шасцерні, качалі іх па бязлюдных вуліцах. С. Александровіч.

2. Запрэжка ў шэсць коней.

шасцяры́к, ‑церыка, м.

1. Старадаўняя руская мера (вагі, аб’ёму і пад.), якая змяшчае шэсць якіх‑н. адзінак, а таксама прадмет такой вагі, аб’ёму і пад. Шасцярык пшаніцы. Цвік-шасцярык. Свечка-шасцярык.

2. Уст. і спец. Прадмет, які складаецца з шасці частак. Вяроўка-шасцярык. Нітка-шасцярык.

3. Запрэжка ў шэсць коней.

шасцярэ́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

Тое, што і шасцярня. Шасцярэнька прывода. □ Куды цікавей былі .. [Міколку] розныя цацкі: гайкі, каменьчыкі, шасцярэнькі чыгунныя. Лынькоў.

шась, выкл.

Разм.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння шуму падзення чаго‑н. сыпкага, сухога. Шась, шась, шась... Шорхае жоўты пясок, сыплецца і сыплецца зверху, як дождж. Пташнікаў.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шаснуць. Мальвіна грукнула дзвярыма Ды бураю ў камору шась! Колас. І раптам — шась! — аднекуль з вышыні сыплецца снежны пыл. Краўчанка. Фурман шась нажом па пастронках, сеў на прысцяжнога каня і пагнаўся за хлопцам. Якімовіч.

шасэ́, нескл., н.

Тое, што і шаша. Да горада вяло шасэ, абсаджанае старымі разгалістымі асінамі. Мележ. Зялёнае аўто мякка ішло па шасэ. Мікуліч.

[Фр. chaussée.]

шасэ́йны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і шашэйны. Шасэйная дарога. Шасэйны мост. Шасэйныя работы.