Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

танкасло́йны, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які складаецца з тонкіх слаёў (пра драўніну). Танкаслойная сасна. Танкаслойная бяроза.

2. Які наносіцца тонкім слоем на што‑н.

танкаство́лы, ‑ая, ‑ае.

З тонкім ствалом. Сёлета я пасадзіла Танкастволы клён, Во вышэйшым за ўсе дрэвы Вырастае ён. Танк. Вясна-красуня ў бубен б’е. Зара, ярчэй гары! Сасонкі танкастволыя абуджаны ў бары. А. Александровіч.

танкаство́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае тонкі ствол (пра зброю).

танкастру́нны, ‑ая, ‑ае.

З тонкімі струнамі. Танкаструнны інструмент.

танкасце́нны, ‑ая, ‑ае.

З тонкімі сценамі або сценкамі. Танкасценныя вырабы. Танкасценны дом.

танкаце́лы, ‑ая, ‑ае.

Сухарлявы, стройны, з доўгім, вузкім целам. Танкацелы юнак.

танкашы́і, ‑яя, ‑яе.

З тонкай шыяй, які мае тонкую шыю. Танкашыі хлапец трымае вінтоўку на плячы прыкладам уверх. Карпюк.

танкашэ́рсны, ‑ая, ‑ае.

Які мае, дае тонкую шэрсць. Танкашэрсныя авечкі. // Зроблены з тонкай шэрсці. Танкашэрснае сукно.

та́нкер, ‑а, м.

Судна для перавозкі вадкіх грузаў (нафта, кіслоты і пад.), якія наліваюцца ў танкерныя цыстэрны.

[Англ. tanker.]

та́нкерны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да танкера; з’яўляецца танкерам. Танкернае судна. // Які складаецца з танкераў. Танкерны флот.