Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стра́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць страснага. Лірыка Петруся Броўкі ваенных гадоў была напоўнена вялікім пачуццём, страснасцю, гневам і болем. Звонак. Тут Генка з нечаканай для мяне страснасцю пачаў гаварыць, што за свабоду трэба змагацца. Рамановіч. Загорскі ачуняў. Зажылі раны. І жонка стрымала слова: перастала і заглядаць у малельню, усю страснасць перанесла на мужа, на яго аднаго. Караткевіч.

страснацве́т, ‑у, М ‑цвеце, м.

Трапічная травяністая павойная расліна з яркімі вялікімі кветкамі.

[Пераклад лац. passiflora.]

стра́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі моцны, нястрымны ў сваім праяўленні (пра пачуцці). Дзейнасць пісьменнікаў прасякнута вялікім імкненнем адлюстраваць веліч і героіку свайго часу, страсным жаданнем сказаць сваё новае слова. Пшыркоў. // Пранікнуты моцным пачуццём, уздымам, натхненнем. Страсныя спрэчкі. □ Рэвалюцыйная эпоха патрабавала баявога, страснага, палітычнадзейснага слова. Івашын.

2. Які з вялікім уздымам адносіцца да чаго‑н., цалкам аддаецца якой‑н. справе. Страсны барацьбіт за шчасце народа. // Уласцівы такому чалавеку, які належыць яму. Была ціша, і толькі здалёк, з танцавальнай пляцоўкі, далятаў сумны і страсны голас спевака: круцілі пласцінку. Караткевіч.

3. Здольны на моцнае каханне, страсць. Страсны чалавек. // Вельмі палкі, гарачы. Яшчэ трапяталіся смехам вейкі, як .. [Рэня] ўздыхнула і раптам парыўчата абняла .. [Алёшку], страсным пацалункам апаліла анямеўшыя губы яго, выхапіла з рук самавар і хутка знікла за форткай. Лынькоў.

страсці́ць, страшчу, стросціш, стросціць; зак., што.

Злажыўшы, злучыўшы разам (ніткі, валакно), ссукаць.

страсць, ‑і, ж.

1. Нястрымнае пачуццё, моцнае захапленне. На першым плане [у творчасці К. Чорнага] чалавек, яго імкненні і страсці, радасці і няўдачы. Луфераў. Грозныя з’явы прыроды толькі ажыўляюць у яго [песняра] душы скрытыя агністыя страсці. Каваленка. // Натхненне, гарачнасць у адносінах да чаго‑н.; уздым, запал. [Жора] Любіў, калі ў вучоным доме Гарэлі страсці між людзей: «Глядзіш, што-небудзь і самому У зручны час перападзе». Бачыла. Каліноўскі з усёй страсцю рэвалюцыйнага дэмакрата абрушваецца на царскі ўрад, на ўвесь прыгонніцкі лад, знішчальна крытыкуе памешчыцкія парадкі і заклікае сялян да ўзброенага паўстання супраць самадзяржаўя. Ларчанка.

2. да чаго, з інф. і без дап. Пастаянная прыхільнасць да чаго‑н., моцная цяга да чаго‑н. Страсць да кніг. □ Ведаючы яго .. страсць — лячыць жывёлу, Мечыслаў уладзіў Сідара .. на ветэрынарныя курсы. Брыль. Ахоплены тым парывам творчай страсці, які як быццам у кулак сціскае ўсю тваю істоту, Сіўцоў не заўважыў нават, як прайшло за працай некалькі гадзін. Васілевіч. // Пра тое, што з’яўляецца прадметам пастаяннага захаплення, на што накіроўваюцца ўсе творчыя сілы. Тэатр — мая страсць. □ Пасля партрэта пейзаж — другая страсць Сергіевіча. Ліс.

3. Моцнае, нястрымнае каханне з перавагай пачуццёвай цягі. Яны ж [двое], ахопленыя вечнай страсцю, На нас ніякай не звярталі ўвагі, — Бо не маглі Ад вуснаў адарвацца, Што і вякі ніяк не разнялі... Сіпакоў.

страсяну́цца, ‑сянуся, ‑сянешся, ‑сянецца; ‑сянёмся, ‑сеняцеся; зак.

1. Здрыгануцца, скалануцца, задрыжаць (ад моцных удараў, выбухаў і пад.). Наверсе столь так страсянулася, што бярвенні ўгары рассунуліся, выйшлі са сваіх гнёздаў. Мележ. Раптам моцна страсянуўся карабель, нешта сарвалася са сцяны і, упаўшы на стол, пырснула мне на рукі шклом. М. Стральцоў. На шнурах вісела ўзрыўчатка і палалі канаты. Агонь бег да ўзрыўчаткі, і праз некалькі секунд усё страсянулася і грукнула страшным узрывам. Чорны.

2. Мімаволі скалануцца, уздрыгнуць (ад страху, узрушэння і пад.). Мартын злёгку страсянуўся, але пастараўся схаваць ад дзеда Талаша сваё хваляванне. Колас. Як увайшоў муж,.. [Матрона] страсянулася ўсім сваім дробным целам, але на яго не азірнулася. Зарэцкі.

3. Страпянуцца, выпростваючыся, абтрасаючыся і пад. Калматы Званок моўчкі прасунуўся ў наш кружок каля машыны і з асалодай, рыўком страсянуўся, сыпапуўшы .. процьмай халодных кропель. Брыль. Пасля таго як цырымонія сустрэчы была закончана, сабачка стаў на ногі, страсянуўся і, азіраючыся на разведчыкаў, падаўся ў глыб лесу. Няхай.

страсяну́ць, ‑сяну, ‑сянеш, ‑сяне; ‑сянём, ‑сеняце; зак., каго-што.

1. Трымаючы ў руцэ або ўзяўшыся рукою, трасянуць, заставіць калыхнуцца. Іван падаў і яму руку: «Здарова, піянер!» — і так страсянуў, што ў самога медалі ды тыя два ордэны Славы зазвінелі на грудзях. Паўлаў. Я з усяе сілы страсянуў алешыну. Ляўданскі. // чым. Рэзкім, парывістым рухам трасянуць, скалануць (галавой, валасамі і пад.). Стары страсянуў галавой, нібы адагнаў сон-назолу, і не прапанаваў, а папрасіў Надзю: — Аставайся ты ў мяне... за ўнучку. Бураўкін. Паўлюк падышоў да трыбуны, усміхнуўся сваёй мілай усмешкай, страсянуў чупрынай і пачаў чытаць. Сабаленка. // Узяўшы, трасянуць, каб выпрастаць або ачысціць ад пылу, смецця і пад. [Сцяпанаў] страсянуў лямкі парашута і, закінуўшы іх на плечы, глянуў за аэрадром. Алешка. Іван Падзерын перавярнуў торбу дагары, страсянуў. Чыгрынаў. [Зарына] паправіла хустку, толькі цяпер страсянула з каўняра расінкі вады. Шамякін. // Здрыгануць, скалануць (моцным ударам, выбухам і пад.). Машыну моцна страсянуў адзін, другі, трэці выбухі. Мележ. Моцны выбух страсянуў зямлю і гулкім рэхам пакаціўся навокал. Пальчэўскі. / у безас. ужыв. Вагон страсянула. Жанчына заварочалася. Міша насцярожыўся, прыслухаўся. І выразна пачуў усхліп. Каршукоў.

2. Падкінуць, трасянуць (пры яздзе па няроўнай дарозе). Пабяжыць [конь] ціха, роўна, нібы марафонскаю хадою: сам нідзе не страсянецца і гаспадара не страсяне. Кулакоўскі. Аўтобус страсяне — абарвуцца думкі. Адамчык.

3. перан. Вывесці з анямення, стану вяласці; уразіць. Вэпя Шпулькевіч збялеў, яго страсянула думка: можа гэта вядуць якія-небудзь сляды ад спаленай вёскі? Чорны. Раптам крык, Немы крык, З лесу крык страсянуў цішыню. Куляшоў. / у безас. ужыв. — Што, прыгожая? — сказаў Толік, а мяне страсянула, як ад нечаканага ўколу. Мыслівец.

4. перан. Парушыць устойлівасць, трываласць; пахіснуць. Першая руская рэвалюцыя, якая страсянула самыя асновы царскага самадзяржаўя, адазвалася і ў такім мядзведжыя кутку, якім было дарэвалюцыйнае Палессе. Навуменка. Сам я не помню Тых залпаў «Аўроры», Што страсянулі абшары зямлі. Астрэйка.

стра́та 1, ‑ы, ДМ страце, ж.

1. Згуба чаго‑н., знікненне каго‑, чаго‑н. Страта працаздольнасці. Страта апетыту. Страта зроку. □ Сусед, які ўкраў у суседа каня, гэта для Маргунка крайняя ступень страты чалавечай годнасці. Куляшоў. // Урон у сувязі са смерцю каго‑н. блізкага, дарагога, вядомага. Смерць вучонага — вялікая страта. □ Памёр ляснічы наш!.. — То пойдзем, браце, Паплачам хоць па сваёй страце. Колас. Дачка расла бойкая, разумная. Яна як бы ўзнагароджвала іх за страту старэйшага сына, які загінуў на фронце. Хадкевіч. // звычайна мн. (стра́ты, страт). Тое, што страчана ў час ваенных дзеянняў (пра людзей, тэхніку і пад.). Хоць страты роты былі вялікія, але фашысты не прайшлі, падаспелі нашы танкі, і контратака нямецка-фашысцкіх войск захлябнулася, іх супраціўленне было зламана, фашыстаў выбілі з умацаванняў і пагналі на захад. Гурскі. Усё: і пакуты, і страты, І грозныя дні ў барацьбе Пазналі героі-салдаты За нас — За мяне і цябе. Кірэенка.

2. Тое, што страчана; прапажа. Раптам страта знайшлася — у аднаго пасажыра было два білеты: зліпліся згорнутыя паперкі, дык не заўважылі. Марціновіч. О, як ён [Вандроўнік] рад быў зноў, калі Сваю пабачыў страту! І Хлебу нізкі, да зямлі, Аддаў паклон, як брату. Танк. // Нястача чаго‑н. Так... хоць зямлі свае нямнога, Але ўсё ж лепей, як нічога. А збудзь яе — пачуеш страту. Колас.

3. звычайна мн. (стра́ты, страт). Безгаспадарчыя выдаткі. Многія гаспадаркі дрэнна выкарыстоўваюць тэхніку, дапускаюць марудлівасць на ўборцы і тым самым дапускаюць страты збожжа. Машэраў. Што значыць зжаць жыта за шэсць дзён замест месяца? Не будзе страт, павялічыцца ўраджай на два-тры цэнтнеры з гектара. Дуброўскі.

•••

Увесці ў страту гл. увесці.

Цярпець страту гл. цярпець.

стра́та 2, ‑ы, ДМ страце, ж.

У буржуазнай сацыялогіі — грамадская групоўка людзей, аб’яднаных пэўнай агульнай сацыяльнай рысай (маёмаснай, прафесіянальнай, адукацыйнай і г. д.), якая проціпастаўляецца класу (у 2 знач.) як паняццю марксісцкай сацыялогіі.

[Лац. stratum — слой.]

страта...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «стратасфера», напрыклад: стратанаўт, стратаплан, стратастат.

стратана́ўт, ‑а, М ‑наўце, м.

Той, хто ажыццяўляе палёты ў стратасферу.

[Ад лац. stratum — слой і грэч. nautēs — мараплавец.]