страсяну́ць, ‑сяну, ‑сянеш, ‑сяне; ‑сянём, ‑сеняце; зак., каго-што.
1. Трымаючы ў руцэ або ўзяўшыся рукою, трасянуць, заставіць калыхнуцца. Іван падаў і яму руку: «Здарова, піянер!» — і так страсянуў, што ў самога медалі ды тыя два ордэны Славы зазвінелі на грудзях. Паўлаў. Я з усяе сілы страсянуў алешыну. Ляўданскі. // чым. Рэзкім, парывістым рухам трасянуць, скалануць (галавой, валасамі і пад.). Стары страсянуў галавой, нібы адагнаў сон-назолу, і не прапанаваў, а папрасіў Надзю: — Аставайся ты ў мяне... за ўнучку. Бураўкін. Паўлюк падышоў да трыбуны, усміхнуўся сваёй мілай усмешкай, страсянуў чупрынай і пачаў чытаць. Сабаленка. // Узяўшы, трасянуць, каб выпрастаць або ачысціць ад пылу, смецця і пад. [Сцяпанаў] страсянуў лямкі парашута і, закінуўшы іх на плечы, глянуў за аэрадром. Алешка. Іван Падзерын перавярнуў торбу дагары, страсянуў. Чыгрынаў. [Зарына] паправіла хустку, толькі цяпер страсянула з каўняра расінкі вады. Шамякін. // Здрыгануць, скалануць (моцным ударам, выбухам і пад.). Машыну моцна страсянуў адзін, другі, трэці выбухі. Мележ. Моцны выбух страсянуў зямлю і гулкім рэхам пакаціўся навокал. Пальчэўскі. / у безас. ужыв. Вагон страсянула. Жанчына заварочалася. Міша насцярожыўся, прыслухаўся. І выразна пачуў усхліп. Каршукоў.
2. Падкінуць, трасянуць (пры яздзе па няроўнай дарозе). Пабяжыць [конь] ціха, роўна, нібы марафонскаю хадою: сам нідзе не страсянецца і гаспадара не страсяне. Кулакоўскі. Аўтобус страсяне — абарвуцца думкі. Адамчык.
3. перан. Вывесці з анямення, стану вяласці; уразіць. Вэпя Шпулькевіч збялеў, яго страсянула думка: можа гэта вядуць якія-небудзь сляды ад спаленай вёскі? Чорны. Раптам крык, Немы крык, З лесу крык страсянуў цішыню. Куляшоў. / у безас. ужыв. — Што, прыгожая? — сказаў Толік, а мяне страсянула, як ад нечаканага ўколу. Мыслівец.
4. перан. Парушыць устойлівасць, трываласць; пахіснуць. Першая руская рэвалюцыя, якая страсянула самыя асновы царскага самадзяржаўя, адазвалася і ў такім мядзведжыя кутку, якім было дарэвалюцыйнае Палессе. Навуменка. Сам я не помню Тых залпаў «Аўроры», Што страсянулі абшары зямлі. Астрэйка.