Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

страбаскапі́чны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з атрыманнем і дэманстрацыяй рухомых вобразаў аб’екта, а таксама з фіксацыяй асобных фаз руху. Страбаскапічны эфект.

страбаскапі́я, ‑і, ж.

Назіранні пры дапамозе страбаскопа.

страбаско́п, ‑а, м.

Прыбор для атрымання рухомых вобразаў аб’екта, а таксама для фіксацыі асобных фаз руху.

[Ад грэч. stróbos — кручэнне і skopeō — гляджу.]

страбі́зм, ‑у, м.

Тое, што і касавокасць.

[Грэч. strabismos.]

стра́ва, ‑ы, ж.

1. Пэўным чынам прыгатаваныя для яды прадукты харчавання. Малочная страва. □ Танька кіслай стравы не ела, ні буракоў, ні капусты, і маці адразу паставіла перад ёй кашу на неглыбокай талерцы і кубак з цёплым малаком. Ермаловіч. Са стала паляцела, перакуліўшыся, міска з варывам, лінула гарачай стравай бацьку на грудзі. Галавач. Манька падрыхтуе чыгункі, загадае Міхалку зварыць ці даварыць страву, выгнаць карову, а сама — за касу і ў поле: касі каса, пакуль раса! Лось. // Яда. За год вайсковага жыцця .. [Віктар] не зведаў стравы болей смачнай, чым звычайны, аржаны, спецыяльна высушаны хлеб. Навуменка.

2. Адзін з відаў яды, які падаецца на абед, снеданне або вячэру. — Смачна! — прыняўшыся есці першую страву, сказаў .. [Змітрок]. Ваданосаў. Але ж куцця была толькі асноваю сямейнай вячэры. Да яе прыбаўлялася яшчэ адзінаццаць страў або хоць бы хто колькі мог назбіраць. Якімовіч.

стравава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стрававання. Стрававальны апарат. Стрававальны працэс.

стравава́нне, ‑я, н.

Ператраўліванне і засваенне стравы арганізмам. Органы стрававання. Працэс стрававання.

страваво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Частка стрававальнага тракта чалавека або жывёліны ў выглядзе трубкі, якая злучае поласць рота са страўнікам.

страваво́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стрававода.

страві́цца, стравіцца; зак.

Засвоіцца ў працэсе стрававання.