сто, ста, ліч. кольк.
1. Лік і лічба 100. Сто дзеліцца на пяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 100. Сто працэнтаў. Павялічыць у сто разоў. □ Узяў мужык сто рублёў, сеў у панскую карэту і паехаў. Якімовіч.
2. Разм. Ужываецца для вырашэння вялікай колькасці ў значэнні: шмат, вельмі многа. Пытае Цімох разоў сто І марна адказу чакае. Колас.
3. У спалучэнні слоў «шмат», «некалькі» і пад. з старой склонавай формай «сот» ужываецца як назоўнік са значэннем: сотня. Грошай было шмат сот тысяч. Чорны.
•••
На ўсе сто — поўнасцю, цалкам. [Лініч:] — А ты, Змітрок, хлопец на ўсе сто. Нават з прысыпачкаю. І на працу звер. Я таксама такі, але мяне распаліць трэба. Савіцкі.
У сто крат гл. крат.
сто...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае на значэнню слову «сто», напрыклад: стогалосы, сторублёвы, стопрацэнтны.
стоаблі́чны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Шматаблічны, мнагалікі, літаральна, які мае сто вобразаў.
стове́жавы, ‑ая, ‑ае.
Паэт. Які вылучаецца мноствам вежаў (пра горад, палац і пад.). Вось ты, стовежавая Злата Прага! Мележ. А як жа ты, мая зямля-радзіма, а дзе твае стовежавыя замкі? Ці ж іх мае прапрадзеды сівыя, умельцы-мудрацы, не будавалі? Лось.
стовярсто́вы, ‑ая, ‑ае.
Працягласцю ў сто або больш вёрст; шматвярстовы. Стовярстовае балота.
стог, ‑а, м.
1. Вялікая капа сена, саломы. Вось збяром мы травы Сонечнымі днямі І лугі заставім Свежымі стагамі. Астрэйка. На .. [сенажаці] там-сям стаялі ўжо стагі, густа былі раскіданы копы і ляжала яшчэ не згрэбенае, але ўжо парыжэлае сена. Чарнышэвіч. Нібыта шлем зялёны волата, За рэчкай адзінокі стог. Смагаровіч. [Косцік] зрабіў пару ў стозе сена на Белай градзе і там начуе. Баранавых.
2. Разм. Тое, што і стос (у 2 знач.). Стог бліноў стаяў пасярод стала, як асэсар. Бядуля.
•••
Як іголка ў стозе сена гл. іголка.
стогадо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які прадаўжаецца сто год. Стогадовая вайна.
2. Узростам у сто год; які існуе сто год. Змрочна маўчалі стогадовыя Стах Барысевіч — Кальчуга і Лук’ян Сіпайла. Караткевіч. // Вельмі стары. Мяснікоў неяк казаў, што хлеб добры аднадзённы, віно стогадовае, а дружба вечная. Гурскі.
3. Які мае адносіны да стагоддзя (у 2 знач.). Стогадовы юбілей.
стогало́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае сто або больш галоў; шматгаловы. Стогаловы дракон.
стогало́сы, ‑ая, ‑ае.
У якім налічваецца сто і больш галасоў; шматгалосы. / у паэт. ужыв. І здаецца, што хутка блісне .. маланка, загрыміць стогалосы гром. Ваданосаў. А пад вечар навасёлаў [птушак] Стогалосы чуўся звон. Калачынскі.
стогасклада́льнік, ‑а, м.
Тое, што і стагакід.