Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

істу́жачны і сту́жачны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і істужкавы.

істу́жка і сту́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жан; ж.

1. Палоска каляровай тканіны, якая скарыстоўваецца для ўпрыгожання, аблямоўкі і інш. мэт. Чырвоная істужка. □ Выйшла на пляц.. [Аксеня] — у шаўковых істужках, заплеценых у косы. Пестрак. // Палоска шаўковай тканіны пэўнага колеру і памераў для ордэнскага знака, медаля; нашыўка; знак адрознення. Ордэнская істужка. □ Гарэлі на сонцы чырвоныя істужкі на шапках у партызан. Шамякін.

2. Доўгая вузкая палоска з якога‑н. матэрыялу, якая служыць для тэхнічных і іншых патрэб. Ізаляцыйная істужка. □ Некаторы час тэлеграф маўчаў. І вось паплыла белая стужка з кропкамі і працяжнікамі. Алешка.

3. перан.; чаго. Тое, што ўецца, цягнецца вузкай доўгай паласой. Вузкая істужка рэек ляжала ўпоперак цераз Пнівадку. Чорны. За лугам сіняй істужкай вілася рэчка. Пестрак.

4. Рухомае перадатачнае палатно ў некаторых механізмах, транспартных прыстасаваннях. Канвеерная істужка. □ Пабеглі па бясконцай істужцы транспарцёра ўгору цагліны. Паслядовіч.

•••

Кінематаграфічная істужка — празрыстая істужкападобная плёнка з нанесеным на яе слоем святлоадчувальнай эмульсіі; кінаплёнка.

Кулямётная істужка — парусінавая або металічная палоска з гнёздамі для патронаў.

істу́жкавы і сту́жкавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да істужкі (у 1 знач.). Істужкавая фабрыка. // Прызначаны для вырабу істужак. Істужкавыя машыны. // Зроблены з істужкі. Істужкавыя банцікі.

2. Які мае выгляд, форму істужкі, вузкі і доўгі. Істужкавыя чэрві. Істужкавыя расліны. Істужкавыя рыбы.

3. З рухомым палатном, лентай, пасам (пра розныя прыстасаванне механізмы). Істужкавы транспарцёр. □ У цэху — самы разгар работы. Ужо безупынна стракацяць стужкавыя пілы. Мыслівец.

істужкападо́бны і стужкападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд, форму істужкі. Істужкападобнае лісце.

стос і стус, ‑а, м.

1. Роўна зложаныя адзін на адзін рады чаго‑н.; штабель. Стос дошак. □ Парканы, хаты, стусы бярвенняў на вуліцы перад дварамі — усё набывала новае, незнаёмае аблічча, загадкава-прыгожае і прывабнае. Навуменка.

2. Пакладзеныя слаямі адзін на адзін якія‑н. прадметы. Стос кніг. Стос пісем. □ На зэдліку каля прыпека ляжаў стос жоўтых бліноў і пачаты кружок авечага лою. Дуброўскі. Апейка кінуў позіркам на стус газет, складзеных ускрай стала. Мележ. / у знач. прысл. сто́сам (сту́сам). Стосам ляжаць побач настольныя цыраты. Пестрак. І фарба друкарская ёсць, І стусам паперу наклалі. Зарыцкі.

сто́сік і сту́сік, ‑а, м.

Памянш. да стос (стус); невялікі стос (стус). На паліцах стаялі запыленыя кнігі, на пісьмовым стале — стосік часопісаў за мінулы год і за палавіну гэтага. Гаўрылкін.

сту́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад студзіць.

сту́дзень 1, ‑я, м.

Першы месяц каляндарнага года. А ў студзені — на белым полі Наўкруг чысцюткія снягі... Даруй, зямля, што я ніколі Аддаць не здолею даўгі. Матэвушаў. — Халадэча! У студзені мароз быў невялікі, а ў лютым з першых дзён раз’юшыўся... М. Ткачоў.

сту́дзень 2, ‑ю, м.

Разм. Тое, што і студзіна, квашаніна. Вылі на стале таксама масла, пульхныя дамашнія пірагі, талерка студзеню, пакрытага белым тлушчам. Гаўрылкін.

сту́дзеньскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да студзеня ​1, уласцівы яму. Студзеньскі мароз. □ Да першай сустрэчы з Людай Толя многае перажыў... Зрэшты, не падыходзяць гэтыя словы, мала іх, каб перадаць тое, што адбылося ў Толевай душы дзесяць гадоў таму назад, студзеньскай ноччу ў сорак трэцім. Брыль.

сту́дзіна, ‑ы, ж.

Абл. Квашаніна. — Ага. — Бадзягін кіўнуў галавой, седзячы над талеркай са студзінай. Федасеенка.