стабілізава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад стабілізаваць.
стабілізава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.
1. Стаць (станавіцца) стабільным. На поўдні савецкія войскі вялі наступальныя баі, а ў Беларусі фронт стабілізаваўся. Дзенісевіч.
2. толькі незак. Зал. да стабілізаваць.
стабілізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.
Правесці (праводзіць) стабілізацыю чаго‑н.; зрабіць (рабіць) стабільным. Стабілізаваць фронт. Стабілізаваць валюту.
стабіліза́тар, ‑а, м.
1. Прыстасаванне або прыбор для надання целу ўстойлівасці ў час руху. Стабілізатар самалёта. □ Чацвёртай [міне] — нямецкая разрыўная куля папала ў стабілізатар. Карпюк. З зямлі вытыркаўся зялёны пагнуты стабілізатар [бомбы]. Асіпенка.
2. Прыстасаванне для падтрымання пастаянства якой‑н. велічыні. Стабілізатар напружання.
3. Рэчыва, якое затрымлівае працэс змянення якога‑н. іншага рэчыва, саставу. Стабілізатар калоідаў.
стабілізацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да стабілізацыі, накіраваны на захаванне або дасягненне раўнавагі. Стабілізацыйныя гандлёвыя пагадненні.
стабіліза́цыя, ‑і, ж.
1. Прывядзенне чаго‑н. да ўстойлівага стану; стан устойлівасці, пастаянства. Стабілізацыя фронту. Стабілізацыя эканомікі.
2. Наданне якому‑н. целу, прадмету, прыстасаванню ўстойлівасці ў час руху. Стабілізацыя кіравальных механізмаў.
3. Забеспячэнне пастаянства якіх‑н. велічынь, сістэмнасці чаго‑н. Стабілізацыя напружання. □ Прымяненне літары «й» у значнай меры садзейнічала ўдасканаленню старабеларускай графічнай сістэмы і некаторай стабілізацыі правапісу. Булыка. // Забеспячэнне ўстойлівасці ўласцівасцей якога‑н. рэчыва пры дапамозе стабілізатараў (у 3 знач.). Стабілізацыя калоідаў.
стабі́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць стабільнага. Стабільнасць законаў. Стабільнасць валюты.
стабі́льны, ‑ая, ‑ае.
Пастаянны, устойлівы, які не мяняецца. Стабільныя цэны. Стабільнае напружанне. Стабільны падручнік.
[Лац. stabilis — устойлівы.]
ста́вавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ставаў. Стававы іл. Стававая вада. // Які жыве ў ставах. Стававая рыба.
става́ць, стае; безас. незак. чаго.
1. Хапаць чаго‑н. для каго‑, чаго‑н. [Пан жываглот] Сам не сеяў, не араў, Ледзь нагой пераступаў, А ўсяго яму ставала — Хлеба, солі, круп і сала. А. Александровіч. Без елкі на Новы год несвяточна, вядома, і добра, што ў Беларусі елак на ўсіх стае. Лось. У новую экспедыцыю .. выбрацца не ўдалося, — не ставала сродкаў. Самуйлёнак. Кніг не ставала, беларускія трапляліся мала калі, знаёміцца з імі можна было хіба што назіркам. Лужанін.
2. Мець магчымасці, сілы, здольнасці рабіць што‑н. Асвоіў Сяргей Кірылавіч спецыяльнасць мадэльшчыка. Рукі ж дужыя, працавітыя. І чарцяжы чытаць сваёй галавы ставала. Мыслівец. Нясу табе і радасці і болі, — Тут смеласці і шчырасці стае. Матуля, не цураўся я ніколі Ні мовы, ні гісторыі твае. Тармола. Любе хацелася нешта сказаць, усёй істотай імкнулася яна перарваць маўчанку, але быццам не ставала рашучасці. Мурашка. — А, — махнуў рукою малады цясляр, — няхай вучыцца той, у каго свайго розуму не стае. Якімовіч.
•••
Клёпкі ў галаве не стае — тое, што і клёпкі ў галаве не хапае (гл. хапаць).
Як (колькі) моцы стае — з усяе сілы.