ставаць, стае; безас. незак. чаго.
1. Хапаць чаго‑н. для каго‑, чаго‑н. [Пан жываглот] Сам не сеяў, не араў, Ледзь нагой пераступаў, А ўсяго яму ставала — Хлеба, солі, круп і сала. А. Александровіч. Без елкі на Новы год несвяточна, вядома, і добра, што ў Беларусі елак на ўсіх стае. Лось. У новую экспедыцыю .. выбрацца не ўдалося, — не ставала сродкаў. Самуйлёнак. Кніг не ставала, беларускія трапляліся мала калі, знаёміцца з імі можна было хіба што назіркам. Лужанін.
2. Мець магчымасці, сілы, здольнасці рабіць што‑н. Асвоіў Сяргей Кірылавіч спецыяльнасць мадэльшчыка. Рукі ж дужыя, працавітыя. І чарцяжы чытаць сваёй галавы ставала. Мыслівец. Нясу табе і радасці і болі, — Тут смеласці і шчырасці стае. Матуля, не цураўся я ніколі Ні мовы, ні гісторыі твае. Тармола. Любе хацелася нешта сказаць, усёй істотай імкнулася яна перарваць маўчанку, але быццам не ставала рашучасці. Мурашка. — А, — махнуў рукою малады цясляр, — няхай вучыцца той, у каго свайго розуму не стае. Якімовіч.
•••
Клёпкі ў галаве не стае — тое, што і клёпкі ў галаве не хапае (гл. хапаць).
Як (колькі) моцы стае — з усяе сілы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)