страта 1, ‑ы, ДМ страце, ж.
1. Згуба чаго‑н., знікненне каго‑, чаго‑н. Страта працаздольнасці. Страта апетыту. Страта зроку. ▪ Сусед, які ўкраў у суседа каня, гэта для Маргунка крайняя ступень страты чалавечай годнасці. Куляшоў. // Урон у сувязі са смерцю каго‑н. блізкага, дарагога, вядомага. Смерць вучонага — вялікая страта. ▪ Памёр ляснічы наш!.. — То пойдзем, браце, Паплачам хоць па сваёй страце. Колас. Дачка расла бойкая, разумная. Яна як бы ўзнагароджвала іх за страту старэйшага сына, які загінуў на фронце. Хадкевіч. // звычайна мн. (страты, страт). Тое, што страчана ў час ваенных дзеянняў (пра людзей, тэхніку і пад.). Хоць страты роты былі вялікія, але фашысты не прайшлі, падаспелі нашы танкі, і контратака нямецка-фашысцкіх войск захлябнулася, іх супраціўленне было зламана, фашыстаў выбілі з умацаванняў і пагналі на захад. Гурскі. Усё: і пакуты, і страты, І грозныя дні ў барацьбе Пазналі героі-салдаты За нас — За мяне і цябе. Кірэенка.
2. Тое, што страчана; прапажа. Раптам страта знайшлася — у аднаго пасажыра было два білеты: зліпліся згорнутыя паперкі, дык не заўважылі. Марціновіч. О, як ён [Вандроўнік] рад быў зноў, калі Сваю пабачыў страту! І Хлебу нізкі, да зямлі, Аддаў паклон, як брату. Танк. // Нястача чаго‑н. Так... хоць зямлі свае нямнога, Але ўсё ж лепей, як нічога. А збудзь яе — пачуеш страту. Колас.
3. звычайна мн. (страты, страт). Безгаспадарчыя выдаткі. Многія гаспадаркі дрэнна выкарыстоўваюць тэхніку, дапускаюць марудлівасць на ўборцы і тым самым дапускаюць страты збожжа. Машэраў. Што значыць зжаць жыта за шэсць дзён замест месяца? Не будзе страт, павялічыцца ўраджай на два-тры цэнтнеры з гектара. Дуброўскі.
•••
Увесці ў страту гл. увесці.
Цярпець страту гл. цярпець.
страта 2, ‑ы, ДМ страце, ж.
У буржуазнай сацыялогіі — грамадская групоўка людзей, аб’яднаных пэўнай агульнай сацыяльнай рысай (маёмаснай, прафесіянальнай, адукацыйнай і г. д.), якая проціпастаўляецца класу (у 2 знач.) як паняццю марксісцкай сацыялогіі.
[Лац. stratum — слой.]