страсць, ‑і, ж.
1. Нястрымнае пачуццё, моцнае захапленне. На першым плане [у творчасці К. Чорнага] чалавек, яго імкненні і страсці, радасці і няўдачы. Луфераў. Грозныя з’явы прыроды толькі ажыўляюць у яго [песняра] душы скрытыя агністыя страсці. Каваленка. // Натхненне, гарачнасць у адносінах да чаго‑н.; уздым, запал. [Жора] Любіў, калі ў вучоным доме Гарэлі страсці між людзей: «Глядзіш, што-небудзь і самому У зручны час перападзе». Бачыла. Каліноўскі з усёй страсцю рэвалюцыйнага дэмакрата абрушваецца на царскі ўрад, на ўвесь прыгонніцкі лад, знішчальна крытыкуе памешчыцкія парадкі і заклікае сялян да ўзброенага паўстання супраць самадзяржаўя. Ларчанка.
2. да чаго, з інф. і без дап. Пастаянная прыхільнасць да чаго‑н., моцная цяга да чаго‑н. Страсць да кніг. □ Ведаючы яго .. страсць — лячыць жывёлу, Мечыслаў уладзіў Сідара .. на ветэрынарныя курсы. Брыль. Ахоплены тым парывам творчай страсці, які як быццам у кулак сціскае ўсю тваю істоту, Сіўцоў не заўважыў нават, як прайшло за працай некалькі гадзін. Васілевіч. // Пра тое, што з’яўляецца прадметам пастаяннага захаплення, на што накіроўваюцца ўсе творчыя сілы. Тэатр — мая страсць. □ Пасля партрэта пейзаж — другая страсць Сергіевіча. Ліс.
3. Моцнае, нястрымнае каханне з перавагай пачуццёвай цягі. Яны ж [двое], ахопленыя вечнай страсцю, На нас ніякай не звярталі ўвагі, — Бо не маглі Ад вуснаў адарвацца, Што і вякі ніяк не разнялі... Сіпакоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)