Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сентыменталі́зм, ‑у, м.

1. Напрамак у літаратуры і мастацтве другой паловы 18 — пачатку 19 стст., які характарызуецца асаблівай увагай да душэўнага свету чалавека, да прыроды і разам з тым ідэалізуе рэчаіснасць. Багушэвіч выступае.. (у прадмове да зборніка «Смык беларускі») супраць літаратурнага лібералізму і сентыменталізму, у прыватнасці, супраць тых твораў Дуніна-Марцінкевіча і іншых пісьменнікаў, у якіх жыццё народа паказвалася непраўдзіва, словам, не так, як гэта патрабавалася метадам крытычнага рэалізму. Ларчанка.

2. Уст. Залішняя чуллівасць, сентыментальнасць. Клопат быў аб тым, каб, пазбягаючы квяцістасці, сентыменталізму, адначасова не ўпасці ў сухасць, канцыляршчыну. Кучар.

[Фр. ад sentiment — пачуццё, чуллівасць.]

сентыменталі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Прадстаўнік сентыменталізму (у 1 знач.). Пісьменнікі-сентыменталісты.

сентымента́льнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць, якасць сентыментальнага (у 2 знач.). Сентыментальнасць адносін. // Залішняя чуллівасць, сентыментальныя адносіны да каго‑, чаго‑н. [Яраш] ніколі не бачыў у яе праяў сентыментальнасці, [Маша] заўсёды была строгая і маласлоўная. Шамякін. [Канькоў:] — Тамарка, родная... — А вось гэта ўжо лішняя сентыментальнасць. Асіпенка. // звычайна мн. (сентымента́льнасці, ‑ей). Сентыментальныя ўчынкі; сентыментальныя выразы. Гаварыць сентыментальнасці. □ Уборачная? — угадвала Андрэева думкі Ніна. Андрэй усміхнуўся. — Не, Ніначка, не ўборачная... Так, сентыментальнасці. Лобан.

2. Асаблівасці, характэрныя для сентыменталізму як літаратурнага кірунку. П’еса «Машачка» [А. Афінагенава] не пазбаўлена рыс сентыментальнасці. «Полымя».

сентымента́льнічанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сентыментальнічаць.

сентымента́льнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Быць сентыментальным (у 2 знач.), праяўляць залішнюю чуллівасць. // Абыходзіцца з кім‑н. залішне мякка, паблажліва.

сентымента́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сентыменталізму (у 1 знач.). Сентыментальны раман. □ У «Мёртвых душах» парадзіруецца таксама карамзінскі сентыментальны стыль. «Полымя».

2. Залішне чуллівы, пяшчотны, здольны лёгка расчуліцца. Сентыментальны чалавек. □ Няшчасце з Лёдзяй зрабіла Міхала трохі сентыментальным. Карпаў. // Уласцівы залішне чулліваму чалавеку. [Максім:] — Ну і дурань жа ты, Андрэй. Адкуль у цябе такая сентыментальная схільнасць да самабічавання. Машара. Мяккае сутонне і густая пахучая цеплыня парку неяк абязвольвалі Веру, скіроўвалі думкі на сентыментальны лад. Асіпенка. // Прасякнуты залішняй чуллівасцю; прытарна-саладжавы. Сентыментальная гісторыя. Сентыментальная сцэна.

[Фр. sentimental.]

сентымента́льшчына, ‑ы, ж.

Разм. пагард. Сентыментальныя ўчынкі, размовы. Гаворка ідзе толькі аб некаторым абмежаванні лірычнай стыхіі там, дзе яна звязана з непатрэбнай сентыментальшчынай. Кучар.

сентыме́нты, ‑аў; адз. няма.

Тое, што і сантыменты. [Краска] хітра абышоў пытанне, стаў выкручвацца і ўрэшце, перайшоўшы на павучальны тон, сказаў, што з ёю, гэта значыць, Галяй Абушэнка, трэба дзейнічаць смялей, яна не любіць сентыментаў, уздыханняў і г. д. Дамашэвіч.

сентэнцы́йнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць сентэнцыйнага. Сентэнцыйнасць меркаванняў.

сентэнцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Павучальны, які мае ў сабе сентэнцыю. Сентэнцыйны тон. Сентэнцыйны раман.