Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

селядзёўка, ‑і, ДМ ‑дзёўцы; Р мн. ‑дзёвак; ж.

Разм. Бочка для селядцоў. У карчме людзей, як селядцоў у селядзёўцы, там сабе знойдзеш добрага чалавека, каб сваю бяду яму расказаць. Калюга.

селядцо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да селядца, селядцоў. Селядцовы хвост. // Прызначаны для селядцоў. Селядцовая бочка. // Звязаны з промыслам і апрацоўкай селядцоў. Селядцовы промысел.

2. у знач. наз. селядцо́выя, ‑ых. Сямейства рыб, да якога адносяцца селядцы, кількі і пад. Ёсць гіганты сярод селядцовых. Гэта атлантычны тарпун. «Маладосць».

селязёначны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да селязёнкі.

селязёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Крывятворны орган пазваночных жывёл і чалавека, які таксама выконвае ахоўныя функцыі і ўдзельнічае ў абмене рэчываў.

селяні́н, ‑а; мн. сяляне, ‑лян; м.

Жыхар сельскай мясцовасці, асноўным заняткам якога з’яўляецца апрацоўка зямлі. Бацькі Ціхона Піменавіча Бумажкова былі бедныя сяляне з вёскі Пудоўля на Магілёўшчыне. Чорны. // Да рэвалюцыі — прадстаўнік ніжэйшага падатковага саслоўя.

•••

Асадныя сяляне — сяляне ў Вялікім княстве Літоўскім, асноўнай павіннасцю якіх быў грашовы чынш.

Беглы селянін — селянін, які збег ад памешчыка.

Дзяржаўны селянін — у 18–19 стст. селянін, які знаходзіўся на дзяржаўнай зямлі і, акрамя падаткаў, плаціў аброк казне.

Прыгонны селянін — селянін, які з’яўляўся ўласнасцю памешчыка.

Прыпісныя сяляне — у Расіі 18–19 стст. дзяржаўныя сяляне, якія валодалі казённымі землямі і былі прыпісанымі цэлымі паселішчамі да казённых і прыватных прамысловых прадпрыемстваў для выканання дапаможных работ.

Часоваабавязаныя сяляне — былыя памешчыцкія сяляне ў Расіі, якія паводле рэформы 1861 г. вызвалены ад прыгону, але асталіся абавязанымі ў адносінах да памешчыкаў.