Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раскалупа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Калупаючы, разадраць, зрабіць дзірку ў чым‑н. Варанецкі выламаў дручок, раскалупаў засохлую твань і выцягнуў пусты гумавы бот. Дуброўскі.

раскалу́пвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да раскалупваць.

раскалу́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раскалупаць.

раскалу́плівацца, ‑аецца; незак.

Зал. да раскалупліваць.

раскалу́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раскалупаць.

раскалыха́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад раскалыхаць.

раскалыха́цца, ‑лышуся, ‑лышашся, ‑лышацца; зак.

1. Пачаць моцна калыхацца. Маятнік раскалыхаўся. Раскалыхацца на качэлях.

2. перан. Выйсці са стану апатыі, бяздзейнасці. — Малавата нас трохі спачатку, — сказаў Іван Аўдолевіч. — Пакуль, як той казаў, раскалышуцца. Кожны захоча паглядзець, што ж тут выйдзе. Брыль.

раскалыха́ць, ‑лышу, ‑лышаш, ‑лыша; зак., каго-што.

1. Пачаць моцна калыхаць, прымусіць калыхацца. Раскалыхаць качэлі. □ Рака шалела. Нізавыя парывы вятрыску раскалыхалі вялікія, у рост чалавека, хвалі. Караткевіч.

2. Калышучы каго‑, што‑н., надаць яму сілу інерцыі для кідання, штуршка і пад. [Гітлераўцы] адной [жанчыне] заламалі, звязалі рукі. Яе раскалыхалі і кінулі ў акно. Мележ.

3. Калышучы, зрабіць хісткім, няўстойлівым. Раскалыхаць слупок.

4. перан. Вывесці са стану апатыі, абыякавасці. Саміх .. [пагранічнікаў] не вельмі лёгка раскалыхаць, выклікаць у іх жаданне расказаць аб сваіх дасягненнях. Брыль.

раскалы́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да раскалыхацца.

2. Разм. Перавальвацца з боку на бок (пры хадзе). Неўзабаве .. [Шпулькевіч] пачаў заўважаць, што далёка наперадзе раскалыхваюцца ў павольнай хадзе дзве чалавечыя постаці. Чорны.

3. Зал. да раскалыхваць.

раскалы́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раскалыхаць.