пузырко́вы, ‑ая, ‑ае.
Пры якім утвараюцца пузыркі. Пузырковы лішай.
пузы́рнік, ‑у, м.
Кустовая расліна сямейства матыльковых з пладамі ў выглядзе ўздутых бабоў.
пузыро́к, ‑рка, м.
1. Памянш. да пузыр; невялікі пузыр.
2. Невялікая шкляная бутэлечка. Калі той дзядзька пайшоў з дому, маці была вельмі расстроеная і, нюхаючы нейкі пузырок з лекамі, горка папракала.. [сына]. Лынькоў.
пузы́рысты, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты пузыркамі, з пузыркамі ў сярэдзіне. Пузырыстае шкло. □ А далей ... Былі абдымкі бабуліны, сцяжынка да хаты па кураслепе пахучым, яечня і хлеб на кміне і сырадой з пузырыстым шумком. Кірэенка.
пузы́рыцца, ‑рыцца; незак.
Узнімацца, пакрывацца пузырамі. Вада ў рацэ гарэла і пузырылася. Лобан. Набліжэнне нафты першым заўважыў Гошка. Занепакоіла яго, што раствор пачаў пузырыцца і цямнець. Лукша. // Надзімацца, узнімацца пузыром (пра тканіну, адзежу і пад.). Пузырылася на ветры яго [Мішы] белая кашуля, адлятаў назад, абвіваючы шыю, чырвоны гальштук. Васілевіч. На прасценку лапаціць-пузырыцца геаграфічная карта з абазначэннямі лініі фронту. М. Ткачоў.
пук 1, ‑а, м.
1. Звязка, ахапак якіх‑н. аднародных прадметаў. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. [Валька] агледзела ўсё і ўбачыла на стале велізарны пук кветак у белым бліскучым гладышы. Мікуліч. // Пасма (валасоў, поўсці і пад.). Яна была вельмі прыгожая, гэтая дзяўчына. З-пад пілоткі выбіваўся пук залацістых [валасоў]. Асіпенка.
2. Сукупнасць чаго‑н., што разыходзіцца, пачынаецца з аднаго месца, адной кропкі. Шчаняты спалі ў цесным клубку на падлозе, у пуку сонечнага прамення з акна. Чорны. Зрабіўшы разварот на пожні, Змітрок выраўняў машыну і ўключыў фары — два пукі святла прабілі цемру перад трактарам. Хадкевіч. [Правады] збягаліся ў адзін пук і хаваліся ў круглай адтуліне. Шыцік.
3. Разм. Сцябло зялёнай цыбулі з суквеццем наверсе. Цыбуля пайшла ў пукі.
пук 2, ‑а, м.
Разм. Самая высокая, аддаленая частка, кропка чаго‑н. І тут на горцы, на самым пуку, дзе яна [жанчына] была з гадзіну назад, узнялася раптам вялікая хмара пылу. Місько. Месяц заплыў яшчэ вышэй і як бы на хвіліну прыпыніўся, застыў у самым пуку неба. Сачанка.
пука́тасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць пукатага. Пукатасць паверхні.
2. Пукатае месца. Нарэшце [Іван Кузьміч] адчуў,.. што пукатасць гары, здаецца, скончылася і далей унізе — абрыў. М. Ткачоў. На зямліста-шэрых шчоках многа выемак і пукатасцей. Бядуля.
пука́ты, ‑ая, ‑ае.
З круглява выгнутымі, выпучанымі бакамі, паверхняй; выпуклы. Пукатая бочка. Пукатая бутэлька. Пукатае дно. □ Валя выбрала сабе невялічкі [гадзіннік], зграбны, з тоненькай металічнай абводкай, з пукатым шкельцам. Пестрак. // Які выдаецца наперад. Пукатыя вочы. Пукатыя грудзі. □ Жарсткаватыя валасы [Рудчанкі] былі зачэсаны назад, і таму вялікі і пукаты лоб здаваўся вельмі высокім. Сіўцоў.
пу́каўка, ‑і, ДМ ‑каўцы, ж.
Разм. іран. Пра лёгкую зброю. — Ат!.. Усё адно карысці мала з гэтай пукаўкі. Рыхтуйце гранаты. Шамякін.
пу́кацца, ‑аецца; незак.
Разрывацца, лопацца з трэскам ад нацяжэння, ціску і г. д. Падзіманыя шары пукаюцца адзін за адным. □ Потым пачалі набракаць і пукацца ад веснавога соку пупышкі на дрэвах. Паслядовіч.