Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

незваро́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не вернецца, не паўторыцца. Эх, шчаслівыя і незваротныя часы! Колас. [Кастусь] успамінаў мінулае — ужо далёкае і незваротнае, але яно хвалявала яго. Марціновіч.

2. Такі, які не можа развівацца ў адваротным напрамку. Незваротны працэс.

незвыча́йнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць незвычайнага. Незвычайнасць ўчынку. Незвычайнасць абставін.

2. Незвычайная з’ява, здарэнне і пад. Усё, што ён робіць, акружана арэолам выключнасці, незвычайнасці. Бярозкін. Можна было падумаць, што, каб увесь свет перавярнуўся верхам уніз,.. [стары чалавек] не здзівіўся б і не паглядзеў бы на гэта, як на незвычайнасць. Чорны.

незвыча́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вылучаецца сярод іншых; выключны. Незвычайная навіна. Незвычайны чалавек. □ Незвычайная падзея настолькі ўразіла Івана Новіка, што ён і сёння расказвае аб гэтым з радасным здзіўленнем. Дадзіёмаў. // Дзівосны, неверагодны. Гэты невялічкі куток ператварыўся ў маёй дзіцячай фантазіі ў казачны лес з незвычайнымі істотамі. Бядуля. // Вельмі моцны па сіле праяўлення; надзвычайны. Незвычайная краса. □ Кожны прыезд дачкі быў для Аляксандры Пятроўны незвычайным шчасцем. Каршукоў.

2. Не такі, як звычайна, як заўсёды; асаблівы. Сход адбыўся праз два дні. Гэта быў крыху незвычайны сход. Шахавец.

3. Такі, да якога яшчэ не прывыклі; непрывычны. Незвычайныя абставіны. □ [Сык] першы раз завітаў у лес, і ўсё тут яму незвычайнае, невядомае. Кандрусевіч.

незгаво́рлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць незгаворлівага.

незгаво́рлівы, ‑ая, ‑ае.

Такі, з якім цяжка згаварыцца; упарты. Дзед быў сёння на дзіва незгаворлівы. Ці не здагадаўся, што яго хочуць сасватаць на рызыкоўную справу — асаджваць пчол? Рылько.

незгара́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не можа згарэць; зроблены з вогнетрывалага матэрыялу. Людміла Лаўраўна замкнула пустую незгаральную шафу і выйшла на вуліцу. Якімовіч.

незгаса́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і нязгасны. Алесь марыў, што пройдзе некаторы час і пабяжыць па [слупах].. яркае, незгасальнае святло. Броўка. Ніякі мор і злыя сілы не ў стане патушыць у чалавечым сэрцы незгасальную любоў і імкненне да хараства. Майхровіч.

незгіна́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які не згінаецца, не гнецца.

2. перан. Нязломны, цвёрды. Незгінальны характар. // Непахісны, устойлівы. Незгінальны дух.

нездавальне́нне, ‑я, н.

Пачуццё непрыязнасць неадабрэння ў адносінах да каго‑, чаго‑н. «Вось нам бы такога гаспадара!» — гаварылі.. [калінінцы], ужо ўголас выказваючы нездавальненне сваім старшынёй. Брыль. У .. адказе [палешука] настаўнік пачуў нотку нездавальнення. Колас.

нездавальня́юча,

1. Прысл. да нездавальняючы.

2. у знач. наз., нескл., н. Адмоўная ацэнка ведаў студэнтаў і паводзін вучняў.