неадкла́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неадкладнага.
неадкла́дны, ‑ая, ‑ае.
Які нельга адкласці; тэрміновы. Шаманскі пераканаўся, што першай і неадкладнай задачай з’яўляецца ўмацаванне дысцыпліны, павышэнне працоўнай актыўнасці. Дуброўскі. // Які ажыццяўляецца без затрымкі, адразу. Неадкладная дапамога.
не́адкуль, прысл.
Няма такога месца, адкуль можна было б (узяць, узяцца, з’явіцца і пад.).
неадлу́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які заўсёды знаходзіцца пры кім‑, чым‑н. Неадлучны спадарожнік.
2. Такі, пры якім не адлучаюцца, пастаянна прысутнічаюць дзе‑н. Неадлучнае дзяжурства.
неадме́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Абавязковы, неабходны. Ганне трэба было асабліва трымацца няпісанага, але неадменнага закону. Мележ. // Традыцыйны, звычаёвы. На гэты раз неадменнае «Будзьце здаровы» прагучала яшчэ больш бадзёра. Шахавец.
2. Уст. У дарэвалюцыйнай Расіі — уваходзіла ў склад назваў некаторых пасад (у значэнне пастаянны). Неадменны сакратар.
неаднаразо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які робіцца або адбываецца не адзін раз. Неаднаразовыя папярэджанні. □ Неаднаразовыя гутаркі з галоўным хірургам скончыліся тым, што [Наталлю Максімаўну] выклікаў начальнік шпіталя. Дудо.
неаднаро́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неаднароднага.
неаднаро́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Разнародны па складу; неаднастайны. Склад сходу быў неаднародны. Прыйшлі і фабрычныя работніцы і інтэлігенцыя. Арабей. Па нацыянальнаму саставу рабочы клас Беларусі быў неаднародны. «Звязда».
2. Які адносіцца да іншай катэгорыі з’яў, прадметаў і інш. Неаднародныя расліны.
неаднаста́йнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неаднастайнага.