Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гарба́ціць, ‑бачу, ‑баціш, ‑баціць; незак., што.

Разм. Тое, што і горбіць. Гарбаціць спіну.

гарба́ч, ‑а, м.

Разм. Тое, што і гарбун.

гарбе́ль, ‑бяля, м.

Пагард. Пра гарбатага чалавека.

гарбе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Разм. Старанна, настойліва працаваць, займацца чым‑н.; карпець. [Кірыл] збіраўся забагацець, выбіраючыся на гэты хутар .. Думаў, што яго працавітыя рукі ды здароўе зробяць тут залатое дно. Аж от пятнаццаць год ужо, як гарбее тут, а спадзяванні і асталіся спадзяваннямі. Скрыган.

гарбі́на, ‑ы, ж.

Выпукласць, акруглены выступ на чым‑н. Абшары балот змушалі людзей цесна сяліцца на гарбінах пясчаных выспаў, каб мець больш сухой зямлі пад пасевы. Дуброўскі. У сініх гарбінах гор, што цямнелі наводдаль.., збіраліся, дымячыся, навальнічныя хмары. Мележ.

гарбі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Памянш. да гарбіна; маленькая гарбіна. Нос з гарбінкай. □ Кожная грудка лёду, кожны парог — гарбінка, выступ зямлі, узгорачак становяць .. [ручайкам] замінкі.. ў іх імклівым руху. Колас.

гарбо́к, ‑бка, м.

Разм. Памянш. да горб.

гарбу́з, ‑а, м.

1. Агародная расліна сямейства гарбузовых з паўзучым сцяблом.

2. Буйны круглы або авальны плод гэтай расліны. Маці ў сенцах рэзала нажом гарбузы. Гамолка.

3. Страва з гэтага плода. Наварыць гарбуза.

гарбузава́ты, ‑ая, ‑ае.

Крыху падобны на гарбуз (у 2 знач.); акруглены. Тоўсценькі гарбузаваты чалавечак неяк незвычайна мітусіўся. Сабаленка.

гарбу́зік, ‑а, м.

1. Памянш. да гарбуз (у 2 знач.); невялікі гарбуз. Адзін сынок Юзік і той — як гарбузік. З нар.

2. Гарбузовае семечка. Лушчыць гарбузікі.