галасава́нне, ‑я, н.
Падача галасоў у час выбараў або пры калектыўным вырашэнні якога‑н. пытання; выбары або вырашэнне якога‑н. пытання шляхам падачы галасоў. У велізарным.. памяшканні гарадскога тэатра, дэлегаты сядзелі ў радах на крэслах і чакалі галасавання рэзалюцый. Галавач.
•••
Адкрытае галасаванне — галасаванне шляхам падняцця рук.
Закрытае (тайнае) галасаванне — галасаванне падачай непадпісаных бюлетэняў або каляровых шароў.
галасава́цца, ‑суецца; незак.
Зал. да галасаваць (у 2 знач.).
галасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.
1. Удзельнічаць у галасаванні; падаваць голас за каго‑, што‑н. (у час выбараў, пры вырашэнні якога‑н. пытання). Галасаваць за праект пастановы.
2. каго-што. Ставіць на галасаванне; выбіраць, рашаць шляхам галасавання. Галасаваць рэзалюцыю. Галасаваць кожнага кандыдата асобна.
3. Разм. Спыняць машыну ўзняццем рукі. Галасаваць на дарозе.
галасавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да голасу (у 1 знач.), выконваецца голасам. Галасавы апарат.
•••
Галасавыя звязкі гл. звязка.
Галасавая шчыліна гл. шчыліна.
галасі́на, ‑ы, м.
Разм. Пра моцны або грубы голас.
галасі́стасць, ‑і, ж.
Уласцівасць галасістага. Захапляць людзей галасістасцю.
галасі́сты, ‑ая, ‑ае.
Надзелены моцным, зычным голасам. Галасісты салавей. □ Недзе далёка-далёка спявалі галасістыя дзяўчаты. Стаховіч. // Звонкі, гучны. Галасісты баян. □ Набірае сілы песня, і нечы юначы тэнар ужо імкне ўгору, вядзе яе, звонкую, галасістую. Хадкевіч.
галасі́ць, ‑лашу, ‑лосіш, ‑лосіць; незак.
1. Голасна плакаць, прыгаворваючы (пры выражэнні гора, крыўды і пад.). Раманіха, схапіўшыся рукамі за галаву, галасіла: — А сын ты мой... А што ж з табой зрабілі. Чарнышэвіч. [Сястра].. павісла мне на грудзі і галосіць: «Казічак, братка!». Васілевіч.
2. што і без дап. Уст. Выконваць абрадавыя песні-плачы (звычайна ў час пахавальнага ці вясельнага абрадаў). Галасіць на магіле.
3. Абл. Голасна крычаць, аднастайна выкрыкваць што‑н. — Тхор! Тхор! Дзяржы яго! — галосіць, Гарачка дзядзьку так і носіць, Бяжыць, тхара ён даганяе. Колас.
4. перан. Ствараць гукі, падобныя на галашэнне. Галасіла ў сотню труб Над чарапічным дахам замець. Танк.
•••
Голасам галасіць — гучна, з енкам і выкрыкамі плакаць (ад болю, вялікага гора і пад.).
галасло́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць галаслоўнага. Галаслоўнасць сцвярджэння.
галасло́ўны, ‑ая, ‑ае.
Заснаваны толькі на словах, не пацверджаны фактамі; неабгрунтаваны. Галаслоўныя абвінавачванні.