скрап, ‑у, м.
Спец. Металалом або адходы вытворчасці, прызначаныя для пераплаўкі. Чыгунны скрап.
[Англ. scrap.]
скрапі́ць, скраплю, скрэпіш, скрэпіць; зак., што.
Спыніць панос. Скрапіць жывот. / у безас. ужыв. Чарніцамі скрапіла жывот.
скрапле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. скрапляць — скрапіць і стан паводле знач. дзеясл. скрапляцца.
скрапля́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для скраплення жывата; проціл. слабіцельны. Скрапляльны сродак. Скрапляльнае лякарства.
скрапля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да скрапляць.
скрапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да скрапіць.
скра́пны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да скрапу. Скрапны працэс.
скра́сці, скраду, скрадзеш, скрадзе; зак., каго-што.
1. Разм. Украсці, цішком узяць для сябе што‑н. чужое. Ну, чым кепскія нашы местачковыя суседзі.., што яны благое зрабілі.., хіба толькі, як я памятаю, хлопцы пару гусей скралі, дык гэта ж глупства. Лынькоў. // Сілаю забраць. Тваіх здабыткаў ворагу не скрасці, Як не спыніць нястрымны часу рух. Звонак. // Пераманіць. Скрасці гарманіста з вечарынкі.
2. Зак. да скрадваць.
скра́сціся, скрадуся, скрадзешся, скрадзецца; зак.
Разм. Крадучыся, наблізіцца; падкрасціся. Не спадзеючыся дагнаць вёрткага «палешука», .. [Тарас Іванавіч] скраўся ззаду, наваліўся ўсім сваім сяміпудовым целам на Лабановіча і ўшчаміў яго жалезнымі рукамі. Колас.
скро́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Скрэбці. Скробаць лапатай.
2. Рабіць шорхат трэннем; шаркаць. Скробаючы ботамі, у пакой увайшоў меншы сын Варанкевіча, хлопчык гадоў дзевяці. Колас.