Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перадражні́ць, ‑дражню, ‑дражніш, ‑дражніць; зак., каго і без дап.

Падрабляючыся пад каго‑н., падаць у наўмысна смешным, з’едлівым тоне, выглядзе чые‑н. рухі, голас, мову і пад. — Бу-бу-бу-бу! — перадражніла Лідзін голас Люся. Карпюк. — Расказвалі, — няпэўна сказаў чырвонаармеец. — «Расказвалі», — перадражніў Чыжык. — Расказваць усякае могуць. Лупсякоў.

перадра́кавы, ‑ая, ‑ае.

Які папярэднічае захворванню на рак. Перадракавая пухліна.

перадрама́ць, ‑драмлю, ‑драмлеш, ‑дрэмле; зак., што і без дап.

Разм. Прабыць нейкі час у стане дрымоты. Перадрамаць гадзіну. □ Максімка паставіў Буланчыка ў хлеў і, ідучы ў дом, рашыў.. нікому не пападацца на вочы, як-небудзь ціх[е]нька перадрамаць ноч і назаўтра скарэй ехаць дадому. Чорны.

перадра́нішні, ‑яя, ‑яе.

Які бывае перад раніцай, папярэднічае раніцы. Дзе-нідзе з перадранішняга змроку вынікалі вёскі. Колас. Агню ў хаце не было, увесь двор спаў глыбокім перадранішнім сном. Дамашэвіч.

перадра́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перадраць.

перадра́цца, ‑дзярэцца; зак.

Разм. Разадрацца надвае, на часткі; падрацца.

перадра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; зак.

Разм.

1. што. Разадраць папалам, на часткі. [Партызан] з сілаю рвануў паперу надвое, пасля яшчэ раз перадраў, кінуў на падлогу. Арабей.

2. што. Падраць, разадраць усё, многае. // Падраць, доўга носячы што‑н.

3. каго. Задраць, забіць усіх, многіх (пра драпежных птушак і жывёл).

4. што. Працерці на тарцы ўсё, многае. Перадраць усю бульбу.

5. што. Ачысціць ад шалупіння зерне, робячы крупы.

перадро́давы, ‑ая, ‑ае.

Які бывае перад родамі, папярэднічае родам. Перадродавыя схваткі.

перадру́к, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. перадрукоўваць — перадрукаваць.

2. Твор, артыкул, перадрукаваны адкуль‑н. Леапольд Гушка, праглядаючы газету, прабег вачыма кароткую нататку — перадрук з польскіх газет. Чорны.

перадрукава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перадрукаваць.