Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

таўрава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да таўраваць.

таўрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

Ставіць, выпальваць таўро. Таўраваць жывёлу.

таўро́, ‑а, н.

1. Кляймо на скуры ці па рагах сельскагаспадарчых жывёл як распазнавальны знак. Паставіць таўро.

2. Прылада для клеймавання жывёлы.

таўро́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да таўра, з’яўляецца таўром. Таўровы знак.

та́ўры, ‑аў; адз. таўр, ‑а, м.

Племя, якое жыло ў глыбокай старажытнасці ў горнай і ўзбярэжнай частцы Крыма.

[Ад грэч. Táuroi.]

таўсма́тасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць таўсматага.

таўсма́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Трохі тоўсты, таўставаты. І з чым нос дзядзькаў параўнаць. Каб выйшаў ён такі, як трэба: Ну, нос кароткі і таўсматы, Ды досыць спрытны, хоць кірпаты. Колас.

2. Поўны, моцна складзены (пра чалавека). Каржакаваты хлопец, гэтакі таўсматы здаравяк, гаварыў з раздум’ем. Чорны.

таўста... (гл. тоўста...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «тоўста...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: таўстаморды, таўстаскуры.

таўстабру́хі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З тоўстым, вялікім жыватом.

2. у знач. наз. таўстабру́хі, ‑ага, м. Зневаж. Багацей. [Габісонія:] — Я сказаў сабе: Тэафіл, досыць вандраваць па свеце, досыць працаваць на таўстабрухіх. Самуйлёнак.

таўстава́ты, ‑ая, ‑ае.

Крыху тоўсты. Валянцін, высокі, крыху таўставаты, бялявы хлопец .. хадзіў па пакоі. Грахоўскі. Губы [у Захара Лемеша] хоць трохі таўставатыя і часамі крывяцца, але гэта ўжо — здабытак яго старшынскай важнасці, а не падарунак прыроды. Колас.