гарня́цкі, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з жыццём і дзейнасцю гарнякоў. Гарняцкі пасёлак. Гарняцкая прафесія.
гаро́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Разм. Агарод. Ой, урадзіла У гародзе рэпа. А мне, маладой, Капаць яе трэба. Дзеружынскі.
•••
Гарод гарадзіць гл. гарадзіць.
гаро́дніна, ‑ы, ж.
Разм. Агародніна. Была гэта восень багатай, прыгожай: У полі калоссем калгаснага збожжа, Гароднінай спелай і бэрамі ў садзе. Машара.
гаро́дчык, ‑а, м.
Разм. Агародчык. За акном у Надзіным гародчыку цвілі вяргіні, флоксы, астры. Грамовіч.
гаро́тнік, ‑а, м.
Разм. Чалавек, які пастаянна жыве ў горы, нястачы; гарапашнік, бядняк. Сэрца супакойвала вера, што будзе час, калі сонца засвеціць і ў вузенькіх вулачках кварталаў неапалітанскіх гаротнікаў, засвеціць не на кароткі час, а надоўга, назаўсёды. Мележ. — Нічога, — адказаў адзін з сялян, — вайна спаліць усе яго [Ліпніцкага] палацы... Толькі шкада, што гэта праца такіх жа самых гаротнікаў, як і мы... Чарот.
гаро́тны, ‑ая, ‑ае.
Які церпіць, перажывае гора; няшчасны (пра чалавека). [Наталля Пятроўна] гаварыла многа і так горача, што, напэўна, пераканала гаротную маці, што няма хвароб, якія не вылечваюцца. Шамякін. // Поўны гора, нястач; бедны, цяжкі. Гаротная доля. Гаротнае жыццё. // Які выражае гора, выкліканы горам. Доўгі-доўгі час у вачах Андрэя стаяла гаротная постаць маці. Колас.
гаро́х, ‑у, М ‑росе, м.
1. Травяністая расліна сямейства бабовых з насеннем у стручках. Скасіць гарох. Абмалаціць гарох. Шчыпаць струкі гароху.
2. Круглае насенне (гарошыны) гэтай расліны, якое скарыстоўваецца для харчавання. Пражаны гарох. Суп з гарохам. □ У кутку стаяла пара кублаў, адзін парожні, а другі з леташнім гарохам. Бядуля.
•••
Бобу ў гаросе шукаць гл. шукаць.
За царом Гарохам гл. цар.
Хто ў боб, хто ў гарох гл. хто.
Як гарох пры дарозе — пра чалавека, якога ўвесь час непакояць, крыўдзяць.
Як у (аб) сцяну (сценку) гарохам гл. сцяна.
гаро́хавінне, ‑я, н.
Каліўе абмалочанага гароху; гарохавая салома. На галаве Восілене красаваўся вянок з гарохавіння. Броўка.