Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

татэмі́зм, ‑у, м.

Найбольш старажытная форма рэлігіі раннеродавага грамадства — вера ў звышнатуральную сувязь, у кроўную блізкасць родавай групы з якім‑н. татэмам. Сляды татэмізму захаваліся ў забабонах і павер’ях беларускага народа. Саламевіч.

татэмісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да татэмізму. Татэмістычныя вераванні.

татэ́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да татэма, уласцівы яму. Татэмны сімвал.

таўкатня́, ‑і, ж.

Разм.

1. Хаатычны рух, цісканіна ў натоўпе. А сёння субота, недзе там, у РДК, — танцы, таўкатня падлеткаў каля ўвахода, шыпенне пласцінкі ў рупар. Адамчык. А мне ля касы ў зале вузенькай, Дзе сумятня і таўкатня, Аматары класічнай музыкі Бакі камячылі паўдня. Макаль.

2. Хатнія клопаты; мітусня, сумятня. Волечка займалася дробнай хатняй таўкатнёй. Чорны.

таўка́ч, ‑а, м.

1. Прылада ў выглядзе качалкі з патоўшчаным круглым канцом, якой таўкуць што‑н. Маладзіцы стаялі адна насупраць другой з таўкачамі і заложна таўклі куццю. Колас.

2. перан. Разм. зневаж. Пра някемлівага чалавека. — Ён жа табе кветкі носіць, гэты лысы таўкач, — чуўся сярдзіты хлапечы голас. Навуменка.

•••

Ні млён ні таўкач гл. млён.

таўкачава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. зневаж. Падобны на таўкач (у 1 знач.). Таўкачаватая рыжая маладзіца, што прыйшла ў вёску замуж з калісьці багатага хутара, расказвае: — Урбанок хацеў нашу Малю ўзяць. Брыль.

таўка́чыкі, ‑аў; адз. няма.

Абл. Хвошч. Варвара Бярозка перапыніла Насцю: — Мы самі галоўкі канюшыны ды таўкачыкі збіраем. Асіпенка.

таўку́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Бойкае месца, дзе прадаюць рэчы з рук. Недалёка ад таўкучкі стаялі сялянскія падводы з саломай і дрывамі, кадушкамі і венікамі, гліняным посудам і кідкамі сена. Гурскі.

таўр,

гл. таўры.

таўрава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад таўраваць.

2. у знач. прым. З таўром.