Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разда́цца 1, ‑дасца; ‑дадуцца; пр. раздаўся, ‑далася, ‑лося; заг. раздайся; зак.

Прагучаць, пачуцца. Зусім недалёка раздалося некалькі адрывістых стрэлаў. Лынькоў. Над шалашом раздалася дзіўная песня. Якімовіч.

разда́цца 2, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. раздаўся, ‑далася, ‑лося; заг. раздайся; зак.

1. Стаць большым, шырэйшым, расшырыцца. Яўген наліваецца сілаю, раздаўся ў плячах. Карпаў. Цьмяным перламутрам пачалі адсвечваць кусты арэшніку, пупышкі на ім крыху раздаліся і выпусцілі малінавыя зорачкі цвету. Лужанін.

2. Расступіцца, рассунуцца, утварыўшы прастору ў сярэдзіне. Народ раздаўся ў бакі.

3. Раскалоцца, раздзяліцца. І трэск аўтаматаў яшчэ не замоўк, Калі разарваўся На купіне мох, — Як бы раздалася Яна папалам, І ўстала дзяўчына З гранатаю там. Гілевіч.

разда́ць 1, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; раздаў, ‑дала, ‑ло; заг. раздай; зак., каго-што.

Аддаць усё, многае многім; размеркаваць паміж многімі. Калі настаўніца раздала дзённікі, усе былі здаволены. Якімовіч. [Гарасім] хацеў прадаць зямлю, а грошы раздаць бедным. Чарнышэвіч. — Дзяцей [з дзіцячага дома] можна раздаць па сёлах. Сяляне іх смела возьмуць, бо іх лёгка выдаваць за сваіх. Шамякін.

разда́ць 2, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; пр. раздаў, ‑дала, ‑ло; заг. раздай; зак., што.

Расшырыць, расцягнуць, зрабіць прасторным. Раздаць боты на калодцы. // безас. Зрабіць поўным, тоўстым. Быў [Анікей] проста вясковы хлапчук. А гэта — вырас, памужнеў, у плячах раздало. Чысты і стройны такі... Ракітны.

разда́ча, ‑ы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. раздаваць ​1 — раздаць ​1.

раздвае́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. раздвойваць — раздвоіць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. раздвойвацца — раздвоіцца.

2. Што-небудзь раздвоенае, раздвоеная частка чаго‑н. Капыты з раздваеннем.

раздво́енасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан раздвоенага. Раздвоенасць пачуццяў.

раздво́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раздвоіць.

2. у знач. прым. Такі, які раздвоіўся; раздзелены надвае, на дзве часткі. [Заяц] неяк смешна кратаў раздвоенай губой, насцярожана стрыгучы вушамі. Шахавец. [Валодзя] спыніўся, каб крыху перадыхнуць, і раптам заўважыў на зямлі шырокі раздвоены след нейкай жывёлы. Ваданосаў.

3. перан.; у знач. прым. Які страціў цэльнасць, унутранае адзінства. Аб Аляксандру Іванавічу пайшла тая раздвоеная слава, калі адны цікавіліся больш яго храбрым мінулым, а другія — яго цяперашнімі паводзінамі. Пестрак. Так з раздвоеным пачуццём і пайшлі ад Іванова. Верыць ці не верыць? Новікаў.

раздво́іцца, ‑двоюся, ‑двоішся, ‑двоіцца; зак.

Раздзяліцца надвае, на дзве часткі. Шырокая лугавая сцежка ля балотнай чорнай лужыны раздвоілася. Адна, ледзь прыкметная, падымаючыся ўгору, паўзла ў густы ядловец, другая бегла ўлева. Хомчанка. // перан. Страціць цэльнасць, унутранае адзінства, стаць супярэчлівым. Адным словам, набліжалася чужое мне свята. Мая душа раздвоілася. Карпюк. Пазней талент маладога пісьменніка неяк дзіўна раздвоіўся: перагушчаны, непрасветлены быт — на адных старонках, і празмерна напятая, ненатуральная лірыка — на другіх. Бярозкін.

раздво́іць, ‑двою, ‑двоіш, ‑двоіць; зак., што.

Раздзяліць надвае, на дзве часткі. Раздвоіць провад. Раздвоіць сілы.

раздво́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да раздвоіцца.

2. Зал. да раздвойваць.

раздво́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раздвоіць.