гарні́р, ‑у, м.
Прыправа з агародніны, круп і пад. да рыбных і мясных страў. Шніцэль з гарнірам.
[Ад фр. garnir — упрыгожваць.]
гарні́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
Дадаць (дадаваць) гарнір (да мясной або рыбнай стравы).
гарні́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Той, хто падае сігналы на горне. Эй, гарніст, іграй паход! Колас. Даў адбой гарніст, і ўсе мы Спаць паклаліся на сене. Нядзведскі.
гарніту́р, ‑а, м.
1. Поўны набор, камплект прадметаў пэўнага прызначэння. Гарнітур мэблі. Гарнітур бялізны.
2. Разм. Касцюм. [Шаманскі] сёння выглядаў незвычайна маладым. Можа, яго маладзіў новы сіняга бастону гарнітур, белы каўнер сарочкі з бардовым гальштукам, нізка выстрыжаныя скроні. Дуброўскі.
[Фр. garniture.]
гарніту́ра, ‑ы, ж.
Камплект друкарскіх шрыфтоў аднаго малюнка, але розных памераў і абрысаў.
гарніту́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гарнітура, прызначаны для вырабу гарнітураў. Гарнітурная мэбля. Гарнітурная тканіна.
гарну́цца, гарнуся, горнешся, горнецца; незак.
1. Набліжацца, падсоўвацца да чаго‑н. Гарнуцца да агню.
2. Пяшчотна туліцца, лашчыцца да каго‑н. Аксана, смеючыся, горнецца да Кастуся. Галавач. // перан. Мець цягу да каго‑н., сімпатызаваць каму‑н. Да Васіля Ганна ласкавейшая, не тоіць, нават нібы знарок паказвае, што горнецца да яго. Мележ. // перан. Шукаць збліжэння з кім‑н. (з пэўнай мэтай, па пэўных прычынах). Бедны да беднага горнецца, а багаты ад каго хочаш адвернецца. Прыказка.
3. Мець схільнасць, ахвоту да чаго‑н., захапляцца чым‑н. — Не пойдзем! — піскнуў Раман Канапелька, які не вельмі гарнуўся да працы. Гурскі.
4. Зал. да гарнуць (у 1 знач.).
гарну́ць, гарну, горнеш, горне; незак., каго-што.
1. Выграбаць, выцягваць дробныя прадметы адкуль‑н. Гарнуць вуглі з печы. □ Гарні, гарні бульбу з печы У торбачку — ды на плечы. З нар. песні.
2. Збіраць у адно месца. Прыйшла восень, за работу, Атрымай на працадні, Што зароблена — па праву На вазы сабе гарні. Русак. // перан. Набываць вельмі многа чаго‑н.; з прагнасцю хапаць, заграбаць. Сабяга да сябе гарнуў усё: і што ляжыць дрэнна і што слаба на месцы трымаецца... Шахавец.
3. Прыхіляць, туліць да сябе. Гарнуць да сэрца. // перан. Схіляць, скіроўваць (думку, справу і пад.). — Ведаю, куды ты горнеш, — абапёршыся на локаць, злосна зашаптала старая. — Відаць, той ламачыны, што аднекуль прывалок, не знайшоў у гумне? Гурскі. Толік Скуратовіч гарнуў сваё: — Нам трэба падацца бліжэй да дарогі. Чорны.
4. Разм. Прыцягваць, прывабліваць сабой каго‑н. Навука гарнула Сцёпку і давалася яму лёгка. Колас. // безас. Хіліць, цягнуць да чаго‑н. Яго гарнула да кніжак.
гарну́шак, ‑шка, м.
Разм. Маленькі гаршчок. Алесь хадзіў каля крынічкі.. Хадзіў, свістаў пад голас птушак, Збіраў ён ягадкі ў гарнушак. Колас. Маці ставіць на стол гарнушак, Цёплы ад сырадою. Барадулін.
гарня́к, ‑а, м.
1. Тое, што і горнарабочы.
2. Горны інжынер або студэнт горнай навучальнай установы.