Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разда́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад раздаць.

раздажджы́цца, ‑дажджыцца; безас. зак.

Разм. Стаць надоўга дажджлівым, сырым (пра надвор’е). Дождж ліў і ўдзень, і ўночы. Часамі на момант прачышчалася, але хмары валакліся нізка і дождж зноў пачынаў сеяць, як праз сіта. Раздажджылася надоўга. Чорны.

раздаі́цца, ‑доіцца; зак.

Пачаць даваць больш малака. Карова раздаілася.

раздаі́ць, ‑даю, ‑доіш, ‑доіць; каго-што.

Дабіцца павелічэння надою (ад малочнай жывёлы).

раздаро́жжа, ‑а, н.

Месца, дзе сходзяцца і разыходзяцца дарогі, ростань. — Там, на раздарожжы, я злезу — пайду напрамкі, бо там ужо недалёка. Лупсякоў.

•••

На раздарожжы — у стане сумнення, роздуму, хістання, у нерашучасці (быць, стаяць, знаходзіцца і пад.).

раздары́ць, ‑дару, ‑дорыш, ‑дорыць; зак., каго-што.

Раздаць у выглядзе падарункаў усё, многае.

разда́тачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да раздачы; прызначаны для раздачы. Раздатачны пункт. Раздатачны матэрыял. Раздатачны коўш.

2. у знач. наз. разда́тачная, ‑ай, ж. Памяшканне, дзе праводзіцца раздача чаго‑н. Адпускаць абеды цераз раздатачную.

разда́тчык, ‑а, м.

1. Рабочы, які займаецца раздачай. Барыс працуе багажным раздатчыкам у Брэсце. «Звязда».

2. Прыстасаванне для раздачы, размеркавання чаго‑н. Паступленне кармавой сумесі са змяшальніка ў раздатчык.

разда́тчыца, ‑ы, ж.

Жан. да раздатчык (у 1 знач.).

разда́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад раздавіць.