Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перагна́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перагнаць.

перагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго-што. Прымусіць перайсці з аднаго месца на другое; перамясціць. Перагнаць табуны на лепшую пашу. □ Маёр загадаў усе плыты перагнаць у вусце рачулкі, замаскіраваць іх у чароце. Няхай. Навальніца была нядоўга, яе вельмі хутка бокам перагнаў вецер. Сачанка. // Гонячы, прымусіць перайсці, перамясціцца цераз што‑н., куды‑н. Перагнаць статак цераз чыгуначны пераезд. Перагнаць лодкі на другі бераг. □ Спачатку перагналі цераз ручаёк кароў. Следам за імі, падкасаўшы да калень, перайшоў Грыша. Пальчэўскі. // Разм. Гонячы, мінуць, прапусціць які‑н. пункт.

2. каго-што. Рухаючыся хутчэй, апярэдзіць; абагнаць. Алена падхапілася і пабегла .. Але праз некалькі крокаў яе перагналі другія партызаны. Шамякін. // перан. Дасягнуць большых поспехаў у параўнанні з кім‑н., выйсці ўперад у якіх‑н. адносінах. Надоі малака ў іх кароў пайшлі ўверх. Цяпер часта можна было чуць, як Ганна Тамашкевіч гаварыла: — Ого, Тоня, сёння ты перагнала ўсіх — сто пятнаццаць літраў маеш. Шчарбатаў.

3. што. Раскласці, расшчапіць на састаўныя часткі пры дапамозе перагонкі (у 1 знач.); зрабіць перагонку. Перагнаць нафту. Перагнаць малако. // Разм. Ачысціць перагонкай. Перагнаць спірт. // перан. Разм. Перавесці што‑н. у іншы стан, у іншыя велічыні, знакі і пад. У гэтую раніцу быў замаразак, але сонца ўзнялося высакавата, паспела прыгрэць зямлю, перагнаць шэрань на траве ў расу. Дуброўскі. [Навум:] — Ён табе і стог сена вылічыць, і капец абмерае і кілаграмы ў пуды перагоніць. Ермаловіч.

4. каго. Надта стаміць, замучыць яздой. [Бурак Ціхон да Хрысціны:] — Вось і я! Добры дзень у хату! Я даваў табе каня На вяселле к брату? Конь ледзь ногі прывалок, Каня перагнала. Бялевіч.

перагніва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. перагніваць — перагнісці, перагніць.

перагніва́ць, ‑ае.

Незак. да перагнісці, перагніць.

перагні́лы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перагнісці, перагніць.

перагні́сці і перагні́ць, ‑гніе; зак.

Згніць зусім, поўнасцю. // Прагніўшы ў якім‑н. месцы, разваліцца на часткі. Перагнілі кроквы, і страха правалілася.

перагно́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. ад перагнісці, перагніць.

2. у знач. прым. Угноены звыш нормы, больш, чым патрэбна.

перагно́й, ‑ю, м.

Састаўная частка глебы, якая ўтварылася з рэштак згніўшых жывёльных і раслінных арганізмаў. Ад.. [ручая] і ад зямлі патыхала вільгаццю, саладкаватым пахам перагною і размытых кар[анёў] вербалозу. М. Ткачоў.

перагно́йвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да перагнойваць.

перагно́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перагнаіць.