Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разгубля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

Тое, што і разгубіць. Мы ж прайшлі гэта пекла, Хоць і шмат разгублялі, Непахісна пранеслі Чырвоны штандар. Броўка.

разгу́л, ‑у, м.

1. Моцнае, буйнае праяўленне чаго‑н. Разгул рэакцыі. □ О, колькі гэтая сям’я пагаравала ў часы бандыцкага разгулу, колькі начэй прасядзела гэта Малка з малымі дзецьмі ў гушчары азёрнага чароту. Сташэўскі.

2. Нястрымнае, буйна-вясёлае правядзенне часу; п’янства, папойка.

разгу́лле, ‑я, н.

Разм. Разгул. Разгулле буйнае мяцеліц, прастор аснежаных палёў, нямая ціш сцюдзёнай белі паміж аснежаных кустоў. Машара.

разгу́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да разгуляцца.

разгу́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Павольна, не спяшаючы гуляць, хадзіць для адпачынку, забавы. — Глядзі ж ты, Матрона, не вельмі па вуліцах вечарамі разгульвай, — сказаў, прыпыніўшыся, Іван. Колас. Бачыцца Валянціне, быццам маці бяжыць з-за пагорка, махае рукою, здалёк крычыць, каб не разгульвала, не распявала тут на ўлонні, а брала кошык ды ў лес — па грыбы, ягады. Мыслівец. // Перамяшчацца свабодна, у любым напрамку. Цёмнарусы Кастусь, якому зараз, са студзеня месяца, ішоў дваццаць шосты год, мог спакойна разгульваць пад носам у самых спрытных жандараў. Якімовіч. / Пра з’явы прыроды. Па вуліцах горада разгульвалі вятры, прыносячы з сабою дзівосныя пахі квітнеючых садоў. Гурскі. // Свабодна дзейнічаць, займацца разгулам і разбоем. Петрусю давялося некалькі разоў выязджаць у начныя засады, дзе разгульвалі бандыты. С. Александровіч.

разгу́льны, ‑ая, ‑ае.

Схільны да разгулу (у 2 знач.), папоек; поўны разгулу (у 2 знач.). Разгульная кампанія. □ Даходзілі да Амяльяніхі толькі чуткі, што .. [Кірыл] нейкіх сяброў сабе знайшоў і ў свае семнаццаць год вёў разгульнае, вясёлае жыццё. Кавалёў.

разгульта́іцца, ‑аюся, ‑аішся, ‑аіцца; зак.

Разм. Стаць гультаём; разленавацца. — А! — трасе дзед галавою: — і самі трохі вінаваты — разгультаіліся. Была пагода, на што ўжо лепшая пагода для ўборкі? Можна было б і прыбраць... Колас.

разгульта́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да разгультаіцца.

разгультаява́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.

Разм. Тое, што і разгультаіцца.

разгуля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. Пачаўшы гуляць, захапіцца гульнёй, забавамі, развесяліцца. А дзіцё разгулялася. Яна падскоквала на каленях у маці, цягнулася да саламянага капелюша пажылога дзядзькі, .. шчабятала, нібы неўгамоннае птушаня. Корбан. // Аддацца нястрымнаму разгулу, п’янству. — А багацей гэты разгуляўся і стаў сябе перад раднёй паказваць, выхваляцца, што ён не да такіх рэстаранаў прывык. Ракітны.

2. Разм. Пагуляўшы некаторы час, напрактыкаваўшыся, пачаць гуляць лёгка і добра. Каманда разгулялася.

3. Даць сабе поўную волю; праявіць сябе ў поўную меру сваіх сіл, здольнасцей і жаданняў; разысціся. [Кажамяка:] Нават і не думай пра выган! Там вырасце такая трава, — будзе з касою дзе разгуляцца. Вазоў дваццаць сена! Гурскі. Раней .. мікалаеўцы секлі дровы, травілі сенажаці, як самі хацелі. Спрабавалі яны гаспадарыць у лесе і пры новым лесніку, але ў Міхала не вельмі разгуляешся. С. Александровіч. / Пра фантазію і пад. У збіўшыся на гэтую спакуслівую думку, камендант цяпер не расставаўся з ёю. Фантазія яго разгулялася. Якімовіч.

4. Дасягнуць у сваім праяўленні вялікай інтэнсіўнасці, сілы. Разгуляўся апетыт. Рэўматызм разгуляўся. □ Выцягнуць лодку назад аказалася яшчэ цяжэй, тым больш таму, што і ў студэнта разгуляліся нервы. Брыль. / Пра з’явы прыроды. На двары разгулялася лютаўская завіруха, засвістала за акном, забыла ў коміне. Шамякін.

5. Абл. Стаць ясным, сонечным пасля непагадзі. Разгулялася пагода. □ Неба разгулялася, і там-сям відаць былі нясмелыя, але выразныя агеньчыкі зорак. Значыць будзе пагода. Ермаловіч.