Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

распластава́цца, ‑туецца; зак.

Раздзяліцца на пласты. Парода распластавалася.

распластава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Раздзяліць на пласты. Распластаваць кардон.

распласта́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад распластаць.

2. у знач. прым. Які ляжыць пластом, плазам. Людзі падалі ў снег. Белае поле скрозь было ўсыпана распластанымі постацямі. Паўлаў. [Арол] трымаў распластанага ваўка адной лапай за бок, другой — за морду. Беразняк. // Выцягнуты, раскінуты ў бакі. Сонца.. падае на рунь аграмадным агнёвым сокалам з распластанымі крыламі. Бядуля.

распласта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Легчы, упасці плазам, шчыльна прыціснуўшыся да зямлі, да якой‑н. паверхні. Антон ішоў па-драпежніцку лёгка, несучы ў правай руцэ аўтамат, ішоў, гатовы ў любы міг кінуцца на зямлю і, яшчэ не паспеўшы распластацца на ёй, з лёту прарэзаць ноч смяротнай паласою агню. Савіцкі. // Выцягнуцца ў гарызантальнай плоскасці, раскінуўшы ў бакі рукі. [Чаркашын] раптам з месца падскочыў вышэй лавы, дастаючы галавою аж да столі, распластаўся ў паветры, як птах, і ўпаў на рукі. Пташнікаў.

распласта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Палажыць пластом, шчыльна прыціснуўшы да зямлі, да якой‑н. паверхні. Зачапіўшыся за станіну разбітай гарматы, .. [баец] паваліўся на зямлю і распластаў рукі. Дудо. Іваніцкі разгарнуў ліст спісанай паперы, распластаў яго і паклаў перад сабой на стол. Мурашка.

распла́ствацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да распластацца.

2. Зал. да распластваць.

распла́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да распластаць.

распласто́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. распластоўваць — распластаваць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. распластоўвацца — распластавацца.

распласто́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да распластоўваць.

распласто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да распластаваць.