Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перагіна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перагнуць.

перагі́нуць, ‑не; ‑нем, ‑неце, ‑нуць; зак.

Загінуць — пра ўсіх, многіх або пра ўсё.

перагла́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перагладзіць.

перагла́джвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да перагладзіць.

перагла́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перагладзіць.

перагла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. Пагладзіць прасам нанава, іначай, яшчэ раз.

2. Пагладзіць усё, многае. Перагладзіць усю бялізну.

перагле́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перагледзець.

перагле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць, зак., каго што.

1. Агледзець, дагледзець усё, многае або ўсіх, многіх. Артур палез па кішэнях шукаць Наталлінага адраса. Уміг ён перагледзеў некалькі замурзаных блакнотаў, памятых .. паперак і — дарэмна. Гартны. І вось Янка ў кабінеце дырэктара. Ён пачакаў, пакуль той перагледзеў нейкія паперкі, потым кашлянуў. Прокша. // Прагледзець нанава, яшчэ раз з мэтай праверкі. Тамаш зноў хутка перагледзеў прыёмнік ... і зноў навушнікі маўчалі, нібы нямыя. Краўчанка. [Сяргей Сяргеевіч:] — У пятніцу вечарком я накапаў чарвякоў, перагледзеў снасці, а назаўтра .. мы ўжо кацілі на Змітраковым «буланчыку» па гладкай шашы на ўлюбёныя мясціны майго сябра — прыгожы высокі бераг Бярэзіны. Ляўданскі.

2. Разгледзець, абмеркаваць што‑н. нанава, яшчэ раз для ўнясення якіх‑н. змен, паправак. Перагледзець штаты устаноў. Перагледзець нормы выпрацоўкі. □ Само жыццё прымусіла пісьменніка перагледзець твор, бо рэчаіснасць дала яму новы цікавы матэрыял. Кучар. — Дзеля справядлівасці, даражэнькі, трэба перагледзець табе тваё рашэнне, — хмурачыся, казаў далей Гапоненка [Міхалу Пятровічу]. Капусцін.

пераглу́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пераглушыць.

пераглушы́ць, ‑глушу, ‑глушыш, ‑глушыць; зак., каго-што.

Разм.

1. Моцным шумам аглушыць усіх, многіх.

2. Пабіць, перабіць усіх, многіх.