гарка́вы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і гаркаваты. Гаркавы пыл. □ Як пахне .. ў лесе густым кляновым сокам, маладой хвояй, гаркавым лістам лазовым. Лынькоў. [Паленцы] не загарэліся як след, дымелі, і дым ад іх быў гаркавы і едкі. Савіцкі.
га́рканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. гаркаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
гарката́, ‑ы, ДМ ‑каце і гарко́та, ‑ы, ДМ ‑коце, ж.
1. Горкі смак; горкі пах. Адчуваць гаркату ў роце.
2. Пра што‑н. горкае. Хрумсь-хрумсь... — чулася на плоце: дзеці елі рабіну — гаркату. Пташнікаў.
3. перан. Пачуццё горычы, выкліканае бядой, няўдачай, крыўдай. Гарката на душы. □ [Васіль] адчуў, як падступіла да грудзей гаркота. Мележ.
га́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да гаркнуць.
га́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злосна гаўкнуць (пра сабаку).
2. што і без дап. Разм. Моцна і адрывіста крыкнуць. Гаркнуў дзед на ўсё горла: — Музыку, марш вясельны! Лынькоў. // Прыкрыкнуць на каго‑н. Антось гаркнуў цераз стол на жонку, і бабская лаянка спынілася. Чарот.
гарко́м, ‑а, м.
Гарадскі камітэт партыйнай або камсамольскай арганізацыі.
гарку́ха, ‑і, ДМ ‑кусе, ж.
1. Расліна сямейства казяльцовых.
2. Шапкавы ядомы грыб сямейства пласціністых.
гарлаві́к, ‑а, м.
Разм. Урач, які лечыць горла; ларынголаг.
гарлаві́на, ‑ы, ж.
1. Глыбокая звужаная адтуліна ў чым‑н. Гарлавіна паравога катла. Гарлавіна вулкана. □ Па самую гарлавіну.. [яма] была напоўнена збожжам. Сабаленка. // Вузкі праход. У асобных месцах гушчар забраўся амаль да сярэдзіны, сціснуўшы рэчку з двух бакоў у вузенькай гарлавіне. «Звязда».
2. Адзін з рукавоў у вусці ракі (пры Чорным і Азоўскім морах). Гарлавіна Дуная.
3. Выраз для шыі ў адзенні. Выразаць гарлавіну ў блузцы.