Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вастры́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для вастрэння якіх‑н. інструментаў. Вастрыльныя прылады.

вастры́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, які вострыць рэжучыя інструменты.

вастрыня́, ‑і, ж.

1. Уласцівасць вострага (у 1, 3, 4, 7 і 8 знач.). Вастрыня нажа. Вастрыня ўспамінаў перажытага. Вастрыня зроку. Вастрыня позірку. Вастрыня драматычнага канфлікту. □ З гадамі ў мяне не прытупіўся зрок, І вастрыні пачуццяў я не трачу. Грахоўскі. Вастрыня першага болю прайшла, аднак забыцца на тое, што давялося перажыць, [Булаўка] не мог. Пальчэўскі.

2. перан. Разм. Надзённасць, актуальнасць. Пад канец рабочага дня Юрка ўзяў з маіх рук двойчы перапісаныя мною допісы, прачытаў і сказаў: — На першы раз нішто сабе, але трэба больш палітычнай вастрыні. Сабаленка.

вастры́ца, ‑ы, ж.

Невялікі гліст, які паразітуе ў кішэчніку чалавека.

вастры́цца, вострыцца; незак.

Зал. да вастрыць (у 1 знач.).

вастры́ць, вастру, вострыш, вострыць; незак., што.

1. Рабіць што‑н. вострым. Вастрыць нож. Вастрыць аловак. □ Рабочыя разышліся па месцах і прыняліся хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубцы. Гартны.

2. перан. Рабіць што‑н. больш успрымальным. Вастрыць слых.

•••

Вастрыць зброю — рыхтавацца да ўзброенага нападу на каго‑н., да вайны.

Вастрыць (тачыць) зуб (зубы) — а) на каго. Маючы злосць на каго‑н., імкнуцца нашкодзіць яму, нарабіць непрыемнасцей; б) на што. Мець вялікае жаданне завалодаць чым‑н., захапіць што‑н.

вастрэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. вастрыць (у 1 знач.).

вастрэ́ц, ‑рацу, м.

Травяністая расліна сямейства злакавых, блізкая да пырніку. Балотны вастрэц.

вастрэ́ць, ‑эе; незак.

Станавіцца вастрэйшым. // перан. Рабіцца праніклівым, больш успрымальным. Тады вастрэў і рабіўся калючым.. позірк [Донькі]. Паслядовіч.

васьма́к, ‑а, м.

1. Гіст. Старажытная чатырохкапеечная манета.

2. Разм. Восьмая частка якой‑н. адзінкі вымярэння.