Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

распла́віцца, ‑віцца; зак.

Пад дзеяннем высокай тэмпературы з цвёрдага зрабіцца вадкім. Трымціць распаленая дымка, Вось-вось расплавіцца пясок. Пысін.

распла́віць, ‑плаўлю, ‑плавіш, ‑плавіць; зак., што.

Нагрэўшы, цвёрдае зрабіць вадкім. Расплавіць волава. Расплавіць лёд.

распладзі́цца, ‑плодзіцца; зак.

1. Размножыцца, развесціся ў вялікай колькасці. Мух у хаце распладзілася шмат, і яны цяпер вельмі куслівыя. Чарнышэвіч. У Аўстралію былі завезены і выпушчаны на волю сотні бзікіх сабак. Яны павінны былі распладзіцца і паесці ўсіх трусоў. Матрунёнак. // Разм. Нарадзіцца ў мностве (пра людзей). Антось Ярмаліцкі рагоча і прыгаварвае: «От жа Ярмаліцкіх распладзілася, сказаць у добры час. І чарнявыя, і бялявыя, і даўганосыя, і кірпатыя». Чорны.

2. перан. Разм. Паявіцца ў вялікай колькасці. Сіўцоў са злосцю стукнуў кулаком па няміламу рукапісу .. — нібыта гэта ад яго распладзілася ўся жыццёвая проза і шэрасць. Васілевіч.

распладзі́ць, ‑пладжу, ‑плодзіш, ‑плодзіць; зак., каго-што.

1. Развесці ў вялікай колькасці (жывёлу, расліны). Распладзіць курэй. Распладзіць трусоў. // Разм. Нарадзіць многа дзяцей; займець вялікае патомства. Распладзіць вялікае сямейства. // Даць размножыцца па неахайнасці. недагляду. Распладзіць клапоў. Распладзіць мышэй.

2. перан. Разм. Паспрыяць паяўленню каго‑, чаго‑н. у вялікай колькасці, у значных памерах. Распладзіць заразу. □ — Бадай ты спрогся, стары пень! — лаяліся мужыкі: — Гэта ж.. [Анісім] расплодзіць такога бруду, што і не акараскацца. Колас.

распла́кацца, ‑плачуся, ‑плачашся, ‑плачацца; зак.

1. Пачаць моцна плакаць. Хлопчык шморгнуў носам, гатовы вось-вось зноў расплакацца. Сіняўскі.

2. перан. Разм. Пачаць жаліцца, імкнучыся выклікаць спачуванне. Шубіну на момант здалося, што кандыдат у старшыні не стрымаецца, можа расплакацца і адмовіцца ад выбараў. Дуброўскі.

распланава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад распланаваць.

распланава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.

1. Размясціць, размеркаваць згодна з якім‑н. планам. На вялікім перапынку Іван Сямёнавіч паклікаў вучняў на двор, каб разам размеціць, дзе зрабіць клумбы, а дзе распланаваць спартыўную пляцоўку. Курто. Валя павярнула справу ў іншы бок: яна распланавала гладкую пляцоўку на асобныя квадраты і вызначыла месца для розных спартыўных гульняў. Якімовіч.

2. Размеркаваць у часе, намеціць план якіх‑н. дзеянняў. Распланаваць выхадны дзень. □ Я чакала Валеру. Яго хацела страчаць, .. і ўжо ў думках усё распланавала, як паеду на станцыю, як буду з нецярпеннем пазіраць на гадзіннік, як будзем разам варочацца са станцыі. Савіцкі.

расплано́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да распланаваць.

распластава́нне, ‑я. н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. распластаваць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. распластавацца.

2. перан. Падзел на сацыяльныя групы, класы і пад. Ідэйна-класавае распластаванне беларускай дарэвалюцыйнай інтэлігенцыі, класавую дыферэнцыяцыю беларускага дарэвалюцыйнага сялянства — усяго гэтага, так яснага нам сёння, паэт у сваім часе не разглядзеў. Лойка. [Андрэй:] — Пасля спынення партызанскай барацьбы адбылося пэўнае класавае распластаванне ў вёсцы. Падняло галаву кулацтва. Пестрак.

распластава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад распластаваць.