Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тарлата́н, ‑у, м.

Празрыстая баваўняная тканіна, падобная на кісяю.

[Фр. tarlatane.]

тарлата́навы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тарлатану. Тарлатанавая вытворчасць.

2. Пашыты з тарлатану. Тарлатанавая сукенка.

тармажэ́нне, ‑я, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. тармазіць (у 1, 2 знач.).

2. Спец. Аслабленне або спыненне ўзбуджэння ў тканцы арганізма, калі прадаўжае дзейнічаць раздражняльнік; актыўная затрымка дзейнасці нервовых цэнтраў або рабочых органаў. Тармажэнне і ўзбуджэнне. Цэнтры тармажэння.

тармазі́цца, ‑мозіцца; незак.

1. Прыпыняцца; замаруджвацца, прыцішвацца. Рух на дарогах часам тармазіўся.

2. Зал. да тармазіць.

тармазі́ць, ‑мажу, ‑мозіш, ‑мозіць; незак., што.

1. і без дап. Запавольваць, спыняць рух чаго‑н. (звычайна пры дапамозе тормаза). За колькі гоняў ад мястэчка .. [Каленік] пачынае тармазіць, потым і зусім спыняе машыну. Лупсякоў. Васіль, шуруючы топку, раптам спалохана ўскрыквае: — Стоп! Тармазі! Андрэй спыняе паравоз. Васілёнак. // без дап. Спыняцца або сцішаць свой ход (пра транспартныя машыны). Аўтобус рэзка тармозіць.

2. Сцішаць, стрымліваць рух чаго‑н. Фурманкі з параненымі .. тармазілі рух атрада. Брыль. [Багуцкі:] — Я ад імя ўсіх нас вялікую клятву даў у Маскве: .. тармазіць немцу ход на чыгунцы, збіваць з яе ўсімі сродкамі. Лынькоў. // перан. Затрымліваць развіццё чаго‑н., перашкаджаць развіццю чаго‑н., быць перашкодай. [Сцяпан Ягоравіч] званіў субпадрадчыку, які не закончваў даручаных яму работ і тармазіў здачу ў эксплуатацыю гатовага аб’екта. Корбан.

3. Спец. Выклікаць тармажэнне (у 2 знач.).

тармазну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да тармазіць.

тармазны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да тормаза. Тармазны цэх. Тармазны вінт. // Які служыць тормазам, з’яўляецца тормазам. Тармазны башмак. // Які мае тормаз. Тармазное кола. Тармазны вагон. // Які абслугоўвае тормаз. Тармазны кандуктар.

2. Спец. Звязаны з тармажэннем (у 2 знач.). Тармазная рэакцыя.

тармасі́цца, ‑мосіцца; незак.

Зал. да тармасіць.

тармасі́ць, ‑машу, ‑мосіш, ‑мосіць; незак., каго.

1. Тузаць, торгаць каго‑н. [Начальнік разведкі] .. пачаў тармасіць аднаго з разведчыкаў за плячо. — Лёша, Лёша, падымайся. Ёсць заданне. Асіпенка. Тармасілі .. [Хомку] разы два, што блін гарачы ёсць, з ячнае мукі. Гарэцкі. [Марыся] кінулася ў спальню і пачала тармасіць сонных Віцю і Міхася. Чарнышэвіч. — Бабка! — тармосіць хлопчык за рукаў бабулю. — Глядзі: птушкі! Даніленка. / у безас. ужыв. У кабіне тармасіла і кідала ўперад. Пташнікаў.

2. перан. Прыставаць да каго‑н. з якімі‑н. справамі, патрабаваннямі, роспытамі; надаядаць каму‑н. Тармосяць Параньку, распытваюць, як гэта ёй удалося [прывезці сетку на агароджу]. А яна спакойна адказвае. Ракітны.

тармашэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. тармасіць.